Больш за сорак пераважна графічных работ вілейскі мастак Уладзімір Лукша прадставіў на выставе “Маё натхненне…”. 

Адкрылася яна 19 мая ў выставачнай зале імя Сілівановіча.

–  Мастака-вандроўніка Уладзіміра Лукшу натхняе прырода. Ён любіць падарожнічаць па родных мясцінах і розных кутках Беларусі, – расказвае навуковы супрацоўнік  краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. –  Уладзімір Лукша шмат вольнага часу прысвяціў падарожжам, знаёміўся з прыродай і помнікамі архітэктуры роднага краю. А затым на белым аркушы паперы з’яўляліся ціхаплынныя рэкі і дубровы, вуліцы і дамы, белыя вежы палацаў і купалы цэркваў.

Уладзімір Лукша. Фота Алеся Высоцкага.

Уладзімір Лукша. Фота Алеся Высоцкага.

На выставе можна пабачыць выявы родных мясцін мастака, Вілейшчыны, Маладзечна, возера Нарач ды іншых мясцін і гарадоў Беларусі. І не толькі: раней Уладзімір Лукша маляваў розныя мясціны былога Савецкага Саюза. 

–  На яго працах пабачыце не толькі помнікі знакамітым людзям і сакральнае дойлідства, а і проста вуліцы.  Бо яны для горада –  як крывяносная сістэма для чалавека, – дадае Надзея Аўдзей.

Уладзімір Лукша расказаў юным і дарослым наведнікам выставы пра творчасць і падарожжы: 

–  Мяне цікавіць гістарычныя мясціны. Але разам з тым і сучасныя: скверы, паркі. Аднак найбольш вабіць прырода: люблю падарожнічаць. Мабыць, таму, што нарадзіўся на прыродзе, у вёсачцы Пагор’е на Вілейшчыне, дзе было ўсяго пяць домікаў.

Прыгадаў ён, як прайшоў вакол возера Нарач. Вынікам стала кніга “Нарачанскія ваколіцы”. Гэта кніга і многія іншыя прадстаўлены на выставе. Усяго выдалі больш за 30 кніжак-альбомаў мастака.

Цяпер рыхтуецца новая кніга з работамі Уладзіміра Лукшы. Там будуць сабраныя партрэты. 

 

Даведка “РГ”. Уладзімір Лукша нарадзіўся 15 мая 1948 года. У сям’і было дзевяць дзяцей, Уладзімір быў пятым. Пазней бацькі пераехалі ў вёску Кульшыно.

Яшчэ да вайсковай службы ён паступіў вучыцца ў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт на курсы малюнка і жывапісу.

Пэўны час жыў у Маладзечне. Ад 1972 года жыве ў Вілейцы. Працаваў мастаком-афарміцелем на заводзе “Зеніт”.