Не выходзь замуж у маі – усё жыццё маяцца будзеш. Вяселле ў высакосны год – сям’ю чакаюць беды, хваробы, няшчасці. Не надзявай туфлі з адкрытым носам – сямейнае шчасце выцеча. Жоўтыя цюльпаны – веснікі разлукі.

Многія нявесты хаця і гавораць, што не вераць у разнастайныя забабоны і прыкметы, аднак усё ж такі стараюцца асцерагацца вострых момантаў. Як гавораць, беражонага і бог беражэ.

Толькі не Ганна. Дзяўчына пай­шла насуперак звыклым традыцыям.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

У маі сама прырода спрыяе шлюбам

– Я ўпэўненая ў тым, што шчасце залежыць ад самога чалавека, многае вызначанае лёсам, – разважае жанчына. – Калі, напрыклад, чалавеку суджана, каб цагліна звалілася на галаву, ён ніколі не патоне. А сямейнае шчасце залежыць ад абаіх, калі і муж, і жонка разумеюць адзін аднаго, ідуць на ўступкі, адносіны будуць трывалымі. Калі  наадварот, такі шлюб доўга не пратрымаецца.

Як адзначае Ганна, мы пайшлі насуперак усім прыкметам, каб даказаць людзям, што шчасце заключанае ў нас саміх, а не ў даце вяселля.

– Шчыра прызнацца, напачатку думалі згуляць вяселле ў пятніцу 13 мая, – усміхаецца жанчына. – Аднак хваляваліся, што да гэтага часу адцвітуць дрэвы, таму не адчуем ўсяго хараства прыроды – распісаліся 6 мая.

Ганна ўпэўненая, што самі нябёсы ў маі спрыяюць шлюбам.

– Як верыць у прыкметы, што май не шчаслівы для вяселляў, калі сама прырода здзіўляе хараством, непаўторнасцю. Дрэвы надзяваюць беласнежны ўбор нявесты, з’яўляюцца першыя кветкі, вакол усё зелянее. Калі так выглядае няшчасце, то я не разумею шчасця? – захапляецца жанчына.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Задзейнічалі безліч спецыялістаў

Ганна працуе ў сферы вясельнага бізнесу, таму шматлікія знаёмыя, сябры не маглі не дапамагчы арганізаваць вяселле калегі.

– У мяне было такое ўражанне, што на маім вяселлі былі задзейнічаныя ўсе спецыялісты з Маладзечна, – усміхаецца жанчына. – Я была ўпэўненая, што ўсё пройдзе проста выдатна, нават не глядзелася ў люстэрка пасля таго, як зрабілі макіяж і прычоску. Ведала – гэтыя людзі падкрэсляць усе мае перавагі.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Букет нявесты пачаў расці на вяселлі

Букет Ганна зрабіла сама з цюльпанаў, півоняў і гваздзікоў. Цікава было глядзець, як на працягу ўрачыстасці ён мяняўся на вачах. З маленькага ахайнага букеціка пачала ўтварацца клумбачка.

Кветкі літаральна раслі, яны настолькі насыціліся вільгаццю, што выцягнуліся за ўрачыстасць. Атрымалася нават больш крэатыўна.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Замест фаты нявеста была ў вянку з цюльпанаў. Госці дзівіліся, што такая прыгажосць зробленая з жывых кветак.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.

Тыдзень дыеты, каб пакаштаваць торт

На дзявочнік сяброўкі Ганны замовілі торт. Ды такі, што ледзьве з пальцамі не з’елі. Як аказалася, што гэта ж кандытарка будзе рабіць торт і на вяселле.

Таму прыйшлося сяброўкам нявесты сядзець тыдзень на дыеце, каб зноў адчуць незвычайную асалоду. Такія мукі былі вартыя таго – ад торта не засталося і кавалачка.

– Нягледзячы на тое, што на вяселлі мы не прыслухаліся да старажытных забабонаў, усё ж такі было страшна, як усё пройдзе, ці спадабаецца гасцям, – расказвае пра клопаты Ганна. – Тады мама дала мне параду – гэта ў першую чаргу ваш дзень і ваша свята, таму, галоўнае, каб вам падабалася і вы былі шчаслівыя. Людзі, якія побач у гэты дзень, парадуюцца вашаму шчасцю,  не заў­важаць невялічкіх дробязяў. Таму атрымлівайце асалоду адзін ад аднаго і ад вяселля.

Фота Таццяны Кураловіч.

Фота Таццяны Кураловіч.