Спектакль для аматараў французскай мовы прайшоў 25 мая ў бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок”.

Спектакль “Лямур тужур і абажур” паставілі пры падтрымцы “Тэатра”. Гэта аб’яднанне акцёраў, рэжысёраў, музыкаў, перакладчыкаў з розных краін. У тым ліку з Францыі, Бельгіі, Канады, Іспаніі, Швейцарыі.

Маладыя акцёры сёлета заканчваюць навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па сістэме Станіслаўскага. Яны ўдасканальваюць майстэрства на базе рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Спектакль са смешнай назвай гучаў на французскай мове. Гледачы змаглі пабачыць вакальныя, танцавальныя і  драматычныя эцюды. Некаторыя з іх, асабліва музычныя, акцёры выконвалі на рускай мове. І ў іх амаль не было акцэнту.

У адной са сцэнак актрыса выконвала ролю жывога матацыкла. Акцёр, які быў кіроўцам, пасылаў свой “транспарт”. Дзяўчына то падымала галаву, то ўставала, імітуючы рухі матацыкла і яго вар’ята гаспадара.

У яшчэ адной замалёўцы публіцы паказалі адносіны паміж дзяўчынай-навукоўкай і малпай. Актрыса ў ролі жывёлы бегала па сцэне, бязладна размахвала рукамі і выдавала страшныя гукі. А потым падышла да піяніна і па-майстэрску на ім сыграла. Вучоная таксама вырашыла паспрабаваць, але ў яе атрымалася дрэнна. І тады малпа за старанне дала ёй банан.

Прыхільнікі французскай культуры шчыра дзякавалі апладысментамі акцёрам.

Але спачатку перад публікай выступілі вучні гімназіі №3. Сёлета на дваццаць трэцім фестывалі франкафонных аматарскіх тэатраў у Мінску яны перамаглі адразу ў трох намінацыях. Трупа “Жаваранак” узяла “Лепшую рэжысуру” і “Самы смешны спектакль”. А ўдзельнік калектыву Ілля Бобрык стаў лепшым акцёрам другога плана. Вучні паказалі пастаноўку “Аднойчы мой прынц прыйдзе”.