У жартаўлівым відэа на аўтамыйні сустракаюцца брутальны рускамоўны барадач і гламурны беларускамоўны рэпер. З іх шанцуе толькі аднаму.

У роліку зняўся вядомы рэпер Vinsent, які сыграў сам сябе. Вялікі чорны джып для Vinsent’а пазычыў беларускамоўны бізнесовец Аляксандр Валодзін, які сыграў у роліку супрацоўніка мыйні ў вышымайцы. У ролі брутальнага барадача зняўся Яўген Апанасевіч, беларускамоўны прадстаўнік турыстычнага бізнесу. Паненкі: Ганна Кулакова (гаспадыня беларускага брэнда сукенак) і яе сяброўка Алёна С. Памяшканне для здымак ласкава дала менская “Аўтамыйня”.

Стваральнікі відэа спадзяюцца, што ўсе зразумеюць гумар і не стануць шукаць у ім іншыя падтэксты. Галоўная мэта роліка – паказаць, што беларуская мова – мова модных, паспяховых і сучасных людзей.

Нагадаем, тыдзень таму “Мова Нанова” выклала ролік з удзелам Андруся Такінданга. Вядомы музыка, лідар гурта “Рэха” прыкінуўся замежнікам і папрасіў мінакоў на Нямізе дапамагчы яму перакласці беларускамоўны ліст. За некалькі дзён ролік набраў 12 тысяч праглядаў.

movananova.by.