У суботу, 28 мая, пасля 16 гадзін з невялікім інтэрвалам вілейскім выратавальнікам паведамілі пра два пажары.
У вёсцы Малышкі Людвіноўскага сельсавета загарэўся хлеў. Па прыбыцці выратавальнікаў ён гарэў адкрытым полымем. У выніку хлеў з маёмасцю знішчаны цалкам.
Папярэдняя прычына пажару – дзіцячае свавольства з агнём. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў РАУС.
У вёсцы Каловічы ля Вілейкі гарэла надворная пабудова: лазня і хлеў пад адным дахам. Агонь знішчыў дах на ўсёй плошчы.
Мяркуемая прычына – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Пра гэта паведаміў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітры Кляшняк.