На лясной дарозе Прудзішча-Шчорсы ў Налібацкай пушчы побач з пляжам возера Кромань на мінулым тыдні заўважылі мядзведзя. Яго бачылі некалькі чалавек, якія 28 мая аўтамабілем ехалі на Кромань.

– Мядзведзь акурат пераходзіў дарогу. Калі мы яго пабачылі, то спыніліся. Ён таксама спыніўся, устаў на заднія лапы і праз некалькі секунд знік у гушчары. Мы паспрабавалі пад’ехаць бліжэй, каб лепш яго разглядзець, але мядзведзь, відаць, спалохаўся не менш, чым мы, – распавядае сведка сустрэчы.

Адзін з пасажыраў паспеў зрабіць фотаздымак з адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў. 

Кіраўніцтва Налібацкага заказніка некалькі дзён таму паведаміла, што паводле іх уліку на пачатку мінулай зімы ў пушчы залягло ў спячку сем мядзведзяў. У снежні-сакавіку Налібацкую пушчу прачэсвала больш за сотню нелегальных зборшчыкаў рагоў, і ў выніку ў красавіку егеры заказніка не змаглі ўпэўнена зафіксаваць аніводнага мядзведзя. Ляснічыя хваляваліся, што мядзведзі напалохаліся і ўцяклі.

Паводле мясцовых ляснічых, мядзведзі толькі пяць гадоў таму вярнуліся ў Налібацкую пушчу пасля амаль векавой адсутнасці. Мяркуецца, што яны перайшлі ў пушчу з Бярэзінскага запаведніка.

Паводле тэрыолагаў, якія займаюцца вывучэннем фаўны Налібацкай пушчы апошнія дзесяцігоддзі, мядзведзь вядомы ім у пушчы апошнія пяць гадоў, сустрэча ў апошнюю суботу стала сёмай па ліку. Паводле ляснічых, у Налібацкай пушчы на дадзены момант жыве пяць мядзведзяў. Тэрыолагі кажуць пра дзве асобіны.

Пушчанскія мядзведзі – гэта даўняя легенда. На іх палявалі Радзівілы. Пра іх пісалі Міцкевіч і Ядвігін Ш. 

– Больш за стагоддзе іх не было ў Налiбацкай пушчы, – кажа гісторык Алесь Белы. – Дагэтуль мясцовыя старыя распавядаюць легенду, быццам дрэсiраваныя мядзведзi дапамагалi будаваць самыя старыя пушчанскiя касцёлы. Напрыклад, касцёл у Дзераўной. Быццам бы на спiну iм навязвалi кошык, i яны рахмана цягалi па рыштаваннях на высокiя вежы цэглу. У Індыі – працоўныя сланы, а ў пушчы – працоўныя мядзведзі, – кажа Белы.

Паводле адной з легендаў, дрэсіраванага мядзведзя выкарыстоўвалі пры будаўніцтве бровара ў фальварку Набароўшчына каля Івянца. Дзякуючы ўспаміну мясцовай жыхаркі Яніны Бушыла вядома, што быццам бы мядзведзь цягаў камяні. 

Згодна са статыстыкай Міністэрства лясной гаспадаркі, у Беларусі налічваецца 155 мядзведзяў.