Шосты раённы дзіцячы пленэр імя Нікадзіма Сілівановіча “Ад прадзедаў спакон вякоў…” пачаўся 1 чэрвеня. Прысвячаецца ён Году культуры.

У пленэры удзельнічаюць навучэнцы ўзорнай выяўленчай студыі “Вясёлка” гімназіі №1 “Логас”, гарадской выяўленчай студыі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сярэдняй школы №3, Любанскага філіяла школы мастацтваў.

Пленэр праходзіць у два этапы.

– На завочным этапе з 1 па 14 чэрвеня  юныя мастакі працуюць над тэмамі: “Прывітанне лета!”, “Каля ракі”, “Горад” або “Вёска”, “Гістарычная спадчына”. Выніковай працай стане вялікая графічная кампазіцыя пад назвай “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, прысвечаная знакамітым людзям Вілейшчыны, – расказала навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Надзея Аўдзей. – Яшчэ юныя мастакі будуць працаваць над тэмай “Піліп Орлік – гетман і аўтар Першай Канстытуцыі Украіны”. Яе прапанавала Мінскае гарадское аб’яднанне ўкраінцаў “Заповіт”.

Ад 15 па 17 чэрвеня пройдзе вочная частка пленэра. Дзеці наведаюць вёску Цынцавічы – радзіму мастака-мазаіста, акадэміка жывапісу Нікадзіма Сілівановіча і музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

Вынікам стане выстава творчых прац. Адкрыецца яна 17 чэрвеня ў выставачнай зале імя Сілівановіча. Пачатак – у 17 гадзін, паведаміла Надзея Аўдзей.