Кінатэатры і Вілейкі, і Маладзечна адначасова прапануюць гледачам галоўныя фільмы тыдня: “Чарапашкі-ніндзя 2”, “Аліса ў Залюстаркоўі” і “Варкрафт”.

“Чарапашкі-ніндзя 2” распачынаюць свой пракат, таму на прэм’еру можна трапіць нават сёння. Для ўсіх, хто ведае, што Мікеланджэла, Данатэла, Рафаэль і Леанарда – гэта не толькі мастакі Рэнесансу. Для тых, хто глядзеў іх на відэакасетах да дзірак, каго захапіла атмасфера Ню-Ёрка, у якім чарапашкі змагаюцца са Шрэдэрам, для каго дзяцінства – гэта “Чарапашкі-ніндзя”, для ўсіх вас падрыхтаваны смачны глыток настальгіі.

У гэтай частцы знаёмых герояў стане больш. Лінія журналісткі Эйпрыл будзе развівацца ў рамантычным рэчышчы – у сюжэт увялі Кэйсі Джонса, з якім у сяброўкі чарапашак завяжуцца любоўныя адносіны. Пікантнасці фільму дадасць і персанаж Караі – дачкі галоўнага антаганіста герояў Шрэдэра.

“Чарапашкі-ніндзя” – гэта заўсёды захапляльныя бойкі, шчырыя эмоцыі, вынаходлівасць у барацьбе са злом, сіла братэрства і сяброўства, якая пераадолее ўсе перашкоды і аб якую разбіваецца любое зло, што пагражае чалавецтву.

На карціну варта схадзіць тым, для каго чарапашкі ніндзя – гэта салодкі ўспамін дзяцінства. Прысмак настальгіі варта падзяліць з сябрамі, а найлепш са сваімі дзецьмі, якія безумоўна раздзеляць з вамі захапленне гераічнай чацвёркай.

Кадр з мультфільма. Фота scifidaily.ru.

Кадр з мультфільма. Фота scifidaily.ru.

Другая карціна, якая захопіць і дарослых, і дзяцей, – працяг фантастычнай гісторыі “Аліса ў Залюстаркоўі”.

Гераіня зноў вяртаецца ў Краіну цудаў, але там яе сябры ў небяспецы. Краіну захапіў злодзей па імю Час. Ён разбурыў усё, што там захапляла. І цяпер толькі Аліса можа выратаваць Вар’яцкага Шляпніка і іншых сяброў. Ці зможа дзяўчына вярнуцца ў мінулае, змяніць ход часу і перамагчы цемру?

Кадр з фільма. Фота film.ru.

Кадр з фільма. Фота film.ru.

Як і іншыя прэм’еры перыяду, “Варкрафт” – гэта дынамічная і графічна адметная карціна, пабудаваная на сусвеце аднайменнай камп’ютарнай гульні. Яе асабліва ацэняць фанаты серыяла “Вікінгі”, таму што выканаўца ролі Рагнара Лодбрака Трэвіс Фімел у “Варкрафце” іграе галоўнага героя з боку Альянса.

Заходнія крытыкі пераважна далі адмоўныя ацэнкі фільму, а расійскія – станоўчыя. Што тычыцца Беларусі, то ў першы дзень “Варкрафт” сабраў рэкордны паказчык за першы дзень прагляду па краіне – каля 95 тысяч долараў у эквіваленце.

Для аматараў фэнтэзі “Варкрафт” можа стаць выдатнай новай прыгодай. Завяршылі паказ толкіенаўскай сагі, “Зорныя войны” не абяцаюць былога бляску. Ці можа іх месца заняць серыя фільмаў па гісторыі “Варкрафта”? Распрацоўшчыкі карціны думаюць пра другую частку, але гэты праект залежыць ад касавых збораў сёлетняй прэм’еры.

А ў ёй чакае жывая графіка, інтрыгі, геройства, моцныя эмоцыі і абсалютна неверагодная атмасфера – усё гэта раскрывае фраза: “Што б ты не задумаў, зрабі гэта цяпер”. Ці змогуць ворагі аб’яднацца, каб выжыць? Даведаемся ў кінатэатры.

Кадр з фільма. Фота igrofilms.ru.

Кадр з фільма. Фота igrofilms.ru.

Пра час і цану кінасеансаў глядзіце ў рубрыцы “Рэпертуары” на нашым сайце rh.by.