Добрая традыцыя для ўсіх неабыякавых да творчасці паэта і яго лёсу збірацца 25 мая ў Ракуцёўшчыне.

25 мая 1917 года не стала Максіма Багдановіча. Яму было ўсяго 25 з паловай. І невыпадкова, што найлепшае месца, каб сустрэцца з паэтам, ушанаваць яго памяць, – гэта зямля, якая памятае яго сляды.

Так здарылася, што лёс Максіма Багдановіча звязаны з Маладзечаншчынай, у прыватнасці, з ціхай і маляўнічай вёсачкай Ракуцёўшчына. Менавіта тут, у фальварку дробнага шляхціца Вацлава Лычкоўскага, гасціў улетку 1911 года Максім Багдановіч. Малады юнак пасяліўся не ў вялікім панскім доме, а ў маленькай хацінцы, дамку арандатара. Гэта было яго асабістае жаданне. Ужо тады Максім быў хворы на сухоты і не хацеў быць прадметам небяспекі для гасцінных гаспадароў… Два шчаслівыя месяцы на Беларусі… Шчыра радаваўся паэт сустрэчы з Баць­каў­шчынай. На гэтай зямлі паэт стварыў два цыклы вершаў “Старая Беларусь”, “Места” і дзве паэмы “Вераніка” і “У вёсцы”.

Так адбылося і на гэты раз. “Не кувай ты, шэрая зязюля…” – пад гэтай назвай у “Фальварку Ракуцёўшчына” ладзілася літаратурная імпрэза, прысвечаная Дню памяці класіка. Пачуццё глыбокай пашаны перад майстэрствам паэта прывяло на імпрэзу гарачых прыхільнікаў яго творчасці – супрацоўнікаў бібліятэкі Максіма Багдановіча, краязнаўцаў, паэтаў, настаўнікаў, вучняў Красненскай сярэдняй школы, навучэнцаў Маладзечанскага політэхнічнага каледжа. Таццяна Закрэўская, Міхась Казлоўскі, Алена Ліхадзіеўская… Кожны з іх прыйшоў са сваім прывітальным словам – шчырым, прачулым, хвалюючым. Атмасфера свята была цёплай і добразычлівай, нават сонейка, якое ярка свяціла, здавалася ўсміхалася, калі дзеткі з хваляваннем чыталі на памяць вершы Максіма Багдановіча.

Як і заўсёды, імпрэза распачалася ля памятных камянёў, якія былі ўсталяваныя на перакрыжаванні дарог на Ракуцёўшчыну і Чысць. Загадчыца філіяла Лілія Заліўская прачытала некалькі вершаў Максіма Багдановіча і сваёй прадмовай выказала агульны настрой. Потым з удзячнасцю прыгадалі нашых славутых землякоў: гісторыка і краязнаўца Генадзя Каханоўскага, які ў 1970-я гады адшукаў гэтае месца (да таго часу было невядома, дзе жыў Багдановіч улетку 1911 года). Дзякуючы намаганням яшчэ аднаго нераўнадушнага чалавека заслужанага работніка культуры Вячаслава Ляшковіча, былі ўстаноўленыя валуны, а пазней, у 1981 го­дзе, пісьменнікі пасадзілі побач з імі Максімаў сад. Ёсць куды ўдзячным нашчадкам ускласці кве­т­кі. І на гэты раз мы ўпрыгожылі камяні-валуны, якія патаналі ў Максімавым са­дзе.

З прывітальным словам да гасцей звярнуўся супрацоўнік Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Багдановіча, галоўны рэдактар гісторыка-краязнаўчага часопіса “Куфэрак Віленшчыны”, краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі.

Ён узгадаў, што бягучы год асаблівы для беларусаў і багаты на юбілеі.

Сёлета адзначаецца 105 гадоў з таго моманту, калі класік наведаў Радзіму, 125-годдзе з дня нараджэння і 100- годдзе з моманту апошняга спаткання паэта з родным горадам.

На імпрэзу завітала і мясцовая паэтка Алена Ліхадзіеўская, якая прачытала вершы, прысвечаныя беларускаму класіку.

Другая частка імпрэзы мела свой працяг ужо на сядзібе. Вучні Красненскай СШ распавялі гасцям пра хвалюючыя старонкі кароткага, але вельмі яркага жыцця Максіма Багдановіча.

Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, агледзець усе элементы музейнага комплексу – дом гаспадара, дом арандатара, у якім жыў Максім Багдановіч, гумно.