Сёмае рэгіянальнае свята-конкурс “Разьбы зачараванне” прайшло 29 мая. Раней яно некалькі разоў праводзілася ў Мядзеле, а сёлета – у курортным пасёлку Нарач (Купа).

Сабрала свята разьбяроў з Мядзельскага, Маладзечанскага, Астравецкага і іншых раёнаў. Былі яны рознага ўзросту – і юныя, як гурткоўцы з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў, і ўжо дасведчаныя: сябры Беларускага  саюза майстроў народнай творчасці.

– Свята складалася з дзвюх частак. Адна – афармленне і прадстаўленне  твораў майстроў, а другая – конкурсная работа. На працягу трох гадзін удзельнікі стваралі разнастайныя вырабы, – расказвае дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Тамара Кардзяёнак.

Напрыклад, Юрась Камандзірчык  з к. п. Нарач з дапамогай бензапілы выразаў крумкача, яшчэ праводзіў майстар-клас па вырабе шпакоўні.

Па выніках конкурсу журы вызначыла лаўрэатаў у розных намінацыях. Ім уручылі дыпломы і сувеніры. Створаныя вырабы перадалі ў цэнтр народных рамёстваў у Крывічах.

Конкурс супаў з адкрыццём курортнага сезона. То на Нарачы сабралася шмат майстроў іншых накірункаў, якія вучылі ахвотных падчас майстар-класаў.

Было шэсце здраўніц, якія прэзентавалі свае ўстановы, прапаноўвалі пачастункі. Наладзілі паказ курортнай моды, наведнікі змаглі адпачыць на разнастайных пляцоўках.