У Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, віляйчане сустракаліся з Адамам Мальдзісам і Сяргеем Харэўскім. Творчую сустрэчу зладзілі ў выставачнай зале імя Сілівановіча краязнаўчага музея.

Адразу старшы навуковы супрацоўнік установы Вольга Коласава расказала пра музей, гісторыю яго стварэння і прадставіла першага госця – гісторыка мастацтва і архітэктуры, культуролага, мастака, літаратара і мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага.

Сяргей Харэўскі.

Сяргей Харэўскі.

Ён сярод іншага распавёў пра кнігу ўспамінаў мастака Яўгена Ціхановіча “Партрэт стагоддзя” і дойлідства Заходняй Беларусі:

– Аказалася, што ў міжваенны час архітэктура Заходняй Беларусі была ўзнятая на вельмі высокі ўзровень. Ратуючыся ад пераследу, сюды паўцякалі вядомыя інжынеры і архітэктары з Усходу, а таксама пад’ехалі з уласна Польшчы. У гэтым творчым тандэме вядомых дасведчаных архітэктараў з Усходу і архітэктараў уласна польскіх атрымалася такая сітуацыя, калі будавалася вельмі шмат храмаў.  І памылкова лічыць, што не ўзводзіліся праваслаўныя храмы.

“Ляхоўскі – сын ураджэнца Вілейкі”

Літаратуразнаўца, крытык, публіцыст прафесар Адам Мальдзіс прыехаў у Вілейку толькі ў другі раз.

– Сёння Адама Іосіфавіча запрашалі шмат куды, у многія музеі, але ён усім адмаўляў і казаў, што “я паеду ў Вілейку”, – дзялілася Вольга Коласава. – Па-першае – на радзіму Георгія Ляхоўскага, імя якога невядома для многіх віляйчан, па-другое, тут жыве яго студэнцкі сябра Барыс Манцэвіч.

Ураджэнец Астравеччыны Адам Мальдзіс падзяліўся ўспамінамі пра жыццё, даследаваннямі. Прыгадаў, як працаваў у газеце ў Радашкавічах:

– І тады зразумеў, што нецікавых мясцін на тэрыторыі Беларусі няма, ёсць толькі недаследаваныя.

Расказаў пра беларусаў замежжа і іх ролю ў развіццю іншых краін. Багата цікавага распавёў пра ўраджэнца Вілейкі Георгія Ляхоўскага (у многіх нарысах падаюць як Лахоўскага).

–  Але на самой справе гэта род Ляхоўскіх, – даводзіў ён. – Як потым удалося устанавіць, Ляхоўскі – сын ураджэнца Вілейкі. Але ў адным з артыкулаў напісалі пра яго месца нараджэння – Вілейка ці Ілья. Спецыяльна з’ездзіў у Ілью, праверыў, ці мог ён там нарадзіцца. А як ён мог там нарадзіцца, калі яго бацька быў выкладчыкам лацінскай і грэчаскай моў у гімназіі і адвакатам. У Ільі ж тады не было ані суда, ані гімназіі. Значыць, зразумела, што ён у Вілейцы нарадзіўся.

 Выказаў Адам Мальдзіс такую ідэю:

– Калі ехаў сюды, падумаў: “А дзе стварыць такі ўсебеларускі, а можа міжнародны цэнтр або фонд імя Ляхоўскага, як не ў Вілейцы”. І калі  перакладуць яго кнігу з французскай мовы, то экзэмпляр адразу ж перададзім у вілейскі музей.

Чуллівай была сустрэча Адама Мальдзіса з віляйчанінам Барысам Манцэвічам, з якім вучыліся на аддзяленні журналістыкі БДУ.

Сустрэча студэнцкіх знаёмых. Фота Алеся Высоцкага.

Сустрэча студэнцкіх знаёмых. Фота Алеся Высоцкага.

Той нагадаў пра вечар, прысвечаны разгляду творчасці Янкі Брыля. Праходзіў ён 12 лістапада 1953 года.

–  Выступалі там многія, але мне больш за ўсё спадабалася выступленне Адама Мальдзіса, – казаў Барыс Манцэвіч. І зачытаў з дзённіка: – Цікавы эпізод са свайго жыцця прывёў Адам Мальдзіс. Гэтым летам ён прачытаў сярод калгаснікаў аповесць “У Забалоцці днее”. Калі скончыў чытаць, калгаснікі ў героях аповесці пазналі многіх сваіх аднасяльчан. Гандлярку самагонам з першага дня празвалі Тарадрай. Значыць, героі Брыля – народныя.

Яшчэ і яшчэ Барыс Манцэвіч прыводзіў успаміны пра Адама Мальдзіса. На што той толькі з усмешкай казаў: “Чаму я гэтага не помню?”.

Віляйчане задавалі пытанні Адаму Мальдзісу і падчас сустрэчы, і пасля яе. Цікавіліся, якія кнігі пра Вілейшчыну варта перакласці з польскай мовы.

Госці перадалі ў музей кнігу “Партрэт стагоддзя” і матэрыялы пра Ляхоўскага. А ім прызначаліся падарункі ад музея ды матэрыялы ад архітэктара і краязнаўцы Анатоля Капцюга, кніга Барыса Манцэвіча.

Якой запомнілася Вілейка ў першы прыезд

Адам Мальдзіс расказаў “РГ” пра свой першы візіт у Вілейку:

– Гэта быў 1947 ці 1948 год. Яшчэ хадзіў у сярэднюю школу. Тут тады была абласная бальніца, паслалі мяне на рэнтген. Надвор’е дажджлівае, думаю: “Чаго мяне пагнала сюды”.  Трэба было доўга чакаць цягніка. Акрамя таго, нікога знаёмага не было. І неяк не было такіх розных аб’ектаў, якія сёння ёсць. Цяпер гэта сапраўдны горад. А тады ў нас яго называлі Старой Вілейкай, бо Новая Вілейка каля Вільні. Дык я думаю: “Якая Старая Вілейка, калі амаль ніякіх помнікаў архітэктуры няма?”. Касцёл то, вядома, пабачыў.

Пытанні да Адама Мальдзіса былі і пасля сустрэчы. Фота Алеся Высоцкага.

Пытанні да Адама Мальдзіса былі і пасля сустрэчы. Фота Алеся Высоцкага.

Больш фота глядзіце тут


Даведка “РГ” Георгі Ляхоўскі (1869 ці 1870 – 1942). Навуковец (вынаходнік, механік, радыёінжынер, лекар, філосаф, мастак) беларускага паходжання.

Нарадзіўся ў Вілейцы Мінскай губерні. Ва ўзросце 6 гадоў сканструяваў вадзяны млын.  Ад 12 год вучыўся Мінску, потым паступіў у Адэскую школу мастацтваў і рамёстваў.

У 1894 годзе едзе ў Парыж, становіцца студэнтам Сарбоны. Вывучаў фізіку і адначасова анатомію і фізіялогію чалавека на медфакультэце Парыжскага ўніверсітэта.

Піянер біяэлектрыкі. Эміграваў у ЗША ў 1941 годзе.

Запатэнтаваў шэраг вынаходніцтваў. Самым значным з іх лічыцца шматчастотны генератар, які выкарыстоўваецца для лячэння многіх захворванняў (у першую чаргу анкалагічных).

У Ню-Ёрку быў заснаваны Інстытут шматчастотных хваляў імя Георгія Ляхоўскага (1945).