Адгадайце загадку: дзе ад вас патрабуюць больш нідзе не працаваць, быць працаздольным, не пенсіянерам, атрымаць пацвярджэнне ад двух чалавек, што вы маеце намер працаваць, і зарабляеце пры гэтым 1,7 мільёна рублёў?
Правільна, вы афармляеце дапамогу па доглядзе за інвалідам ці састарэлым чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту.
Дзеля чаго такія жорсткія меры, мы спыталіся ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама.
Нам патлумачылі, што такія меры – патрабаванне Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сёння ў Маладзечанскім раёне дапамогу атрымоўваюць каля 700 чалавек. На жаль, дапамогу па доглядзе за інвалідамі афармляюць не заўсёды сумленныя людзі.
– Бывае, інвалід і яго апякун дамаўляюцца пра афармленне такой дапамогі, – расказваюць ва ўпраўленні, – каб потым падзяліць грошы. І рэальная дапамога, бывае, не трэба, бо, скажам, інвалід па зроку ўвесь дзень на працы. Прыязджаем з праверкай, а суседзі ў змове, ківаюць, пацвярджаюць, што апякун даглядае інваліда. Мы ж не першы год працуем, бачым, што хлусяць, а даказаць гэта цяжка.
– А бываюць выпадкі, калі і трох такіх дапамог было б мала, – дадаюць ва ўпраўленні.
Зусім па-іншаму распавядаюць пра сваю справу ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Сёння ў цэнтры працуюць 145 сацыяльных работнікаў. Ёсць сярод іх і пенсіянеры.
На абслугоўванні знаходзяцца 1288 чалавек.
Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў дырэктар цэнтра Дзмітры Ганчар.
– Праца са сталымі людзьмі спецыфічная, – прызнаецца Дзмітры. – Нашым работнікам трэба быць і сядзелкай, і сябрам, і псіхолагам. А цяпер у сувязі з дэнамінацыяй яшчэ і банкаўскімі работнікамі. Трэба ж патлумачыць, як разабрацца з новымі грашыма.
На кожнага сацыяльнага работніка ў горадзе прыходзіцца дзевяць чалавек, у раёне – шэсць.
Акрамя дапамогі па гаспадарцы, непрацаздольным людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, з фонду сацыяльнай абароны аказваецца матэрыяльная дапамога, кампенсуецца аплата за дровы ці камунальныя паслугі.
Аднак ёсць у цэнтра і пэўныя цяжкасці. Нярэдка даводзіцца змагацца з махлярамі, якія прадстаўляюцца работнікамі сацыяльнай службы.
– Мы ўвесь час папярэджваем пра гэта нашых падначаленых, просім, калі прыйшоў нехта новы, патэлефанаваць нам, пераканацца ў тым, што мы адправілі новага работніка, папрасіць паказаць урэшце пасведчанне, усё дарэмна. Нашы бабулькі схільныя давяраць незнаёмым людзям, – расказвае Дзмітры Ганчар. – Бывала, прыходзім з праверкай, дзверы дома адчыненыя. Заходзім, пытаемся, чаму дзверы насцеж. Адказваюць: “А што тут у мяне браць”.
Дзмітры ўпэўнены, што працаваць сацыяльным работнікам могуць толькі людзі, якія любяць гэту работу.
– Здараюцца і смешныя сітуацыі, калі нам скардзяцца на нашу работніцу, што яна выцірае пыл з усходу на захад, а не наадварот.
Але ёсць у падначаленых цэнтра і свае “любімчыкі”.
– Нашы бабулькі раскажуць адна адной па сарафанным радыё, як працуе той ці іншы сацыяльны работнік, а потым нас завальваюць званкамі: “Хачу, каб і ў мяне працавала толькі Лідзія Іванаўна”.
Аднак “цякучкі” кадраў у цэнтры няма. Тут прымаюць толькі людзей на час адпачынкаў.
Акрамя паслуг сацыяльных работнікаў, цэнтр прапануе паслугі сядзелак і нянек. Таму, калі вы нарадзілі двойню, можаце смела разлічваць на дапамогу нянькі чатыры гадзіны ў дзень абсалютна бясплатна.
Сёння паслугамі нянек у раёне карыстаюцца 32 сям’і.