Літаратурнае жыццё на Валожыншчыне пачынаецца ад 16 стагоддзя, і мае свой працяг сёння.

Учора

  • Літаратурнае жыццё на Валожыншчыне бярэ пачатак ад 16 стагоддзя, калі ў вёсцы Лоск магнат Ян Кішка заснаваў друкарню, ідэйным кіраўніком якой стаў асветнік Сымон Будны.
  • Ад 1840 года ў маёнтку Люцінка (сёння вёска Малая Люцінка)  44 гады жыў і пісаў свае творы паэт, літаратар, драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
  • А вось яшчэ цікавыя асобы:  ураджэнцы мястэчка Ракаў Мар’ян Здзяхоўскі (1861-1938) – літаратуразнавец, філосаф, рэктар універсітэта Стэфана Баторыя; і пісьменнік, перакладчык, літаратуразнавец Уры Фінкель (1896 – 1957).
  • У  канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя  на ніве беларускай літаратуры працавалі валожынцы Ула­дзіслаў Сівы-Сівіцкі, больш вядомы як паэт Стары Улас (1865-1939), празаік Ядвігін Ш. (сапр. Антон Лявіцкі, 1869-1922).  
  • З Вішневам звязанае імя беларускай паэткі, аўтара ўсім  вядомага   верша “Люблю наш край…” Канстанцыі Буйло (1893 – 1986).
  • Дзякуючы яшчэ аднаму слаўнаму сыну Валожыншчыны мы можам чытаць па-беларуску паэмы Адама Міцкевіча, польскамоўныя творы Дуніна-Марцінкевіча, Юзафа Крашэўскага, творы Пруса, Лермантава, Пушкіна і г. д. Гаворка ідзе пра паэта і перакладчыка Пятра Бітэля (1912 – 1991).
  • Літаратурную  справу землякоў працягваў паэт Хведар Чэрня (1939 –1983).

Сёння

Фота fotobel.by

Фота fotobel.by

  • Выхадцы з Валожынскага краю дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Купалы і Я. Коласа НАН Беларусі Тэрэза Голуб, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры названага інстытута Яўген Гарадніцкі ў навуковых працах асвятляюць пытанні беларускай літаратуры.
  • Прафесар Вячаслаў Рагойша, ураджэнец Ракава, – доктар філалагічных навук, акадэмік,  навуковец, член Саюза беларускіх пісьменнікаў,  па кнігах якога вучылася не адно пакаленне студэнтаў-філолагаў.  
  • Язэп Янушкевіч, таксама народжаны ў Ракаве, – літаратуразнавец, архівіст, пісьменнік, Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (Варшава, 2007) – даследуе гісторыю беларускай літаратуры і культуры 19-20 стагоддзяў, беларуска-польскія гісторыка-літаратурныя сувязі і культурныя ўзаемадзеянні 19 – пачатку 20 стагоддзя, жыццё і творчасць дзеячаў беларускай літаратуры і культуры.
  • Віктар Шніп, маленькая радзіма якога – вёска Пугачы, – член саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, пісьменнік, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
  • Больш чым два дзесяцігоддзі ў Валожыне, на базе раённага Цэнтра культуры, дзейнічае народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”, якім кіруе член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч. У склад аб’яднання ўваходзяць больш за 30 чалавек.
  • Штогод “Рунь” праводзіць раённы  конкурс юных талентаў Валожыншчыны “Маладыя галасы”, тэмы іх асноўных намінацый – любоў да свайго краю, роднай прыроды, мовы, шанаванне творчай спадчыны.
  • На рахунку народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” калектыўныя зборнікі  ”Зямлі маёй і землякам”(2005), ”Нашчадкі” (2009), “Маладыя галасы Валожыншчыны” (2012), “Помнім і жывём”(2015), асабістыя кнігі паэзіі рунеўцаў, большасць з якіх рэдагавала і ўкладала Валянціна Гіруць-Русакевіч.
  • Актыўны ўдзел у сучасным літаратурным жыцці прымаюць  як члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун, Яўген Зялкоўскі, Аляксандр Грынкін, Міхась Курыла, які доў­гі час быў метадыстам “Руні”, так і маладыя валожынцы Міхась Бацян, Юлія Арцюкевіч, Крысціна Гарвер, Аксана Мітрошчанкава, Таццяна Косік і інш.
  • Патрэбы чытачоў Валожыншчыны задавальняе 18 бібліятэк.

Виктар Шніп.

Виктар Шніп.

Віктар Шніп

Нарадзіўся ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна 26 сакавіка 1960 года.   Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978). Сем гадоў быў беспрацоўным, перыядычна пад­працоў­ваючы грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе “Кры­шталь”, літкансультантам у часопісах “Нёман” і ў газеце “Вячэрні Мінск”, часам жыў на ганарары.

У 1987 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве. Працаваў старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе “Беларусь” (1987 – 1991), у газетах “Наша слова” (адказны сакратар, 1991 – 1995) і “Літаратура і мастацтва” (1995 – 2003). У 2004 – 2008 гадах – намеснік галоўнага рэдактара, а з 2008 года – галоўны рэдактар у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Дэбютаваў вершамі 17 жніўня 1977 года (газета “Чырвоная змена”). Аўтар  кніг паэзіі і для дзяцей.

У канцы 1980-х – пачатку 1990-х пісаў тэксты для рок-гуртоў, бардаў, эстрадных выканаўцаў.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1984).

Лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузіі (1987) за зборнік “Гронка святла”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне “Мастацкая літаратура” (2008) за кнігу “Страла кахання, любові крыж”.  

Фота fonxl.ru.

Фота fonxl.ru.

Там, дзе бацькоўскія хаціны, там Радзіма
І я другой Радзімы не хачу зусім.
І ўжо са мной цяпер заўжды перад вачыма
Маленькі чорна-белы здымак, на якім
На лаўцы восенню ля хаты ўсёй сям’ёю,
На сотках бульбу выбраўшы, сядзім,
І павуцінка з павучком па-над зямлёю
Праз нашае жыццё нябачная нікім
Ляціць, як плача, ведаючы ўсё ад Бога,
Што ёсць, што будзе, што было і мне ў жыцці
Больш не паўторыцца, і зарасце дарога
Да адзінокай хаты, згубіцца ў лісці
З бяроз і клёна, што даўно растуць ля плоту,
Што гаспадаркі ўжо не зберагае тут,
А толькі сцеражэ ў двары траву й самоту,
Ад ветру рыпучы, нібыта ад пакут.
Сяджу на лаўцы, нібы на падсуднай лаве,
І на сябе за ўсіх і ўсё бяру віну.
І хату нашу, каб прадаць я маю права,
Ды не прадам, бо ведаю яе цану…

Фота www.logoslovo.ru.

Фота www.logoslovo.ru.

***
На крыжах залатых не трымаецца неба,
Бо яно на драўляных магільных крыжах,
А крыжы, урастаючы ў родную глебу,
На зямлі нас трымаюць, паказваюць шлях
У бязмежнае неба, дзе продкавы душы
І для нас шчэ нявечных шукаюць спакой.
Нам спакою не трэба ні ў спёку, ні ў сцюжу,
Бо з нас кожны разумны і кожны герой,
І, цалуючы ў Храмах, крыжы і іконы
Нехта думае, што ён ужо без грахоў
І цяпер па-над ім будзе вечна карона
І анёлак ахоўнік, і Бога Любоў.
Але ўсё ж толькі сонца лагодныя промні,
Як салому, нам сыпле на слізкі наш шлях,
І памерлыя продкі, якіх мы шчэ помнім,
На крыжах нас трымаюць, нібы на руках…

Фота artleo.com.

Фота artleo.com.

***
Я цябе намалюю на небе начным
Сярод Млечнага Шляху, які нібы дым
Залаты, як і ты для мяне залатая.

Ты даўно ўжо, напэўна, забыла мяне
І таму, калі ўбачыш на небе ў вакне
Свой партрэт, то ўсміхніся яму, хай лунае

Над зямлёй, дзе ўжо больш не сустрэнемся мы,
Бо між намі гады і бясконцасць зімы,
Як між намі ад моста згарэлага дым

І хай бачаць усе, што я помню цябе
І жыву, як палонны, у вечнай журбе…
Я цябе намалюю на небе начным…

Літпарада ад Віктара Шніпа

Што пажадаць маладым літаратарам?  Каб былі маладымі. Не забываліся, што мы, беларусы, маем сваю краіну, гісторыю, культуру. Мы еўрапейцы.

Пішучы, каб не забываліся, што гэта будзе надрукаванае і прачытанае, таму трэба з адказнасцю адносіцца да кожнага свайго слова. Не бойцеся быць наіўнымі, вельмі шчырымі. Кожны дзень глядзіце на свет,  як упершыню.

Адкрывайце прыгажосць і дзяліцеся сваімі адкрыццямі праз творы. Смялей звяртайцеся за парадамі да старэйшых літаратараў. Вучыцеся ў класікаў. Паболей чытаце сучаснай літаратуры.

Наведвайце літаб’яднанні. Не адмаўляйцеся ад выступленняў. Будзьце ўпэўненымі ў сабе, але заўсёды думайце, як вашы словы могуць адгукнуцца ў душах людскіх. Словам, тварыце.  дзе б ні былі, ніколі не забывайцеся пра тыя мясціны, дзе вы нарадзіліся.

Міхась Бацян.

Міхась Бацян.

Міхась Бацян

Нарадзіўся ў 1989 годзе ў Валожыне Мінскай вобласці. Сям’я жыла ў вёсцы Сакаўшчына Валожынскага раёна. Вучыўся ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе, потым у гімназіі №1 Валожына. Паралельна з асноўнай вучобай атрымаў музычную адукацыю па класе баяна.

Пасля школы скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У час вучобы ўдельнічаў у вакальна-інструментальных ансамблях. Іграе на шматлікіх музычных інструментах. Піша як вершы, так і песні. Лідар гурта “Р’э Мажор”.

Працуе галоўным спецыялістам аддзела работы з VIP-кліентамі ў Мінску.

Фота pixabay.com.

Фота pixabay.com.

Мне даспадобы слова “незалежнасць”

Хто ты такі і дзе твой будзе дом –
Усё ў жыцці ад выбару залежыць.
Я выбраў у сваім – не біць чалом,
Мне даспадобы слова “незалежнасць”.
Лепш выберу духмяную траву,
Чым поле, што запэцкана крывёю,
Я выбіраю веру і жыву
З надзеяй на людское і жывое.
Я выбіраю сонца, не агонь,
Я не хачу ніколі  бачыць хмары.
Я выберу ўзяць неба на далонь,
А не збіваць яшчэ малыя мары.
Я выбіраю радасць, а не боль,
Заўсёды рэфарматар, не мяцежнік.
Сапраўдны я заўжды жыве са мной,
Які і ў сваіх думках незалежны.

Фота getbg.net.

Фота getbg.net.

Прысвячэнне В. Грыцэнцы

Муза мая, паважаная краля,
Сэрца маё зашчаміць вы змаглі.
Як на гітары на ім вы зайгралі,
Граюць лады: трэці, першы, другі..

Бачу я вас у сваіх летуценнях,
У кожнай сустрэчнай шукаю ваш твар,
Вы даравалі мне столькі памкненняў,
Колькі чарнілаў не хопіць, на жаль.

Вам, прыгажуня, свой верш прысвячаю,
Побач ля сэрца трымайце яго.
Вашае сэрца каханне надбае,
А дзеля вас не шкада мне свайго.

Фота sigils.ru.

Фота sigils.ru.

Аблокі

Сівыя аблокі ўгледзеў высока.
Я бачу, я чую, як пахнуць аблокі,
Я іх адчуваю ўнутраным вухам.
Не верыш? Уважліва неба паслухай.

Ляцяць і прыемным мне водарам веюць,
Паўзуць праз узгоркі, палеткі, алеі.
Трымае іх смак мой язык з асалодай –
Шматочак жыцця і кавалак прыроды.
Кавалак цябе над празорлівай рэчкай
І крышку травы пад зялёнай парэчкай.
Нясуць яны водар спакойны, высокі,
І шэпчуць прыемна на вуха аблокі

Пра тое, як недзе блукае завея
Пакрыўджаных думак, вялікіх ідэяў,
Людзей геніяльных і мараў глыбокіх…
Сказалі і далей памкнулі аблокі.