Райвыканкам дапамог з аператарамі, а ў адной з роляў зняўся акцёр Мінскага абласнога драмтэатра Аляксандр Пашкевіч.

Прэм’ера фільма “Мой Максім” прайшла ў Рэд бары 28 чэрвеня.

Праблема ўжывання наркотыкаў з’яўляецца сёння вельмі актуальнай. Менавіта яе падняла ў сваім фільме рэжысёр з Маладзечна Надзея Зелянко. Працуючы педагогам у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Мала­дзік”, яна прапанавала сваім навучэнцам зняць штосьці значнае, што закране душу. Усе разам прыдумвалі сцэнарый, у якім кожны з  падлеткаў знайшоў для сябе ролю.

Фільм здымалі, як кажуць, усёй грамадою. Маладзечанскі райвыканкам дапамог знайсці аператараў – Уладзіміра Сліжа і Зміцера Кандрацюка. Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандр Пашкевіч  выканаў ролю бацькі.

Акрамя гэтага ў здымках фільма бралі ­ўдзел педагогі цэнтра творчасці, настаўнік і вучні СШ №8, супрацоўнікі Маладзечанскага лясгаса. Кансультаваў пры напісанні сцэнарыя раённы аддзел унутраных спраў, асабіста Дзмітры  Сухоцкі і Уладзімір Васількоў. Гэта некамерцыйны праект, і ўсе працавалі як валанцёры.

Творчы калектыў дасягнуў сваёй мэты, бо сюжэт сапраўды прымушае задумацца любога з нас. 17-гадовая Каця (яе  іграе Кацярына Уладыка), пераехаўшы з бацькам у іншы горад пасля смерці маці, рассталася з хлопцам. Усё гэта вельмі моцна выбіла яе з каляіны. А даведаўшыся, што ў бацькі завязваюцца адносіны з іншай жанчынай, ёй стала яшчэ больш балюча.

Афіша. Фота vk.com.

Афіша. Фота vk.com.

Адзіным выратаваннем ад адзіноты становіцца доза. Пад дзеяннем наркотыку дзяўчынка знаёміцца з выдатным хлопцам Максімам (Антон Троцкі), які разумее яе літаральна з паўслова. Але Каця яшчэ не здагадваецца, што ён толькі плён яе ўяўлення. А зразумеўшы гэта, яна ўсё адно працягвае ўжываць наркотык, бо лічыць, што без Максіма яе жыццё не мае сэнсу. Урэшце, яд пазбаўляе Кацю жыцця.

– У гэтым фільме, апроч ужывання спайсаў, паднімаюцца і іншыя сур’ёзныя пытанні. Напрыклад, як будаваць адносіны ў сям’і пасля разводу; што рабіць з дэпрэсіяй, злосцю і крыўдай падлеткаў; ці варта выбіраць такія лёгкія, але зманлівыя спосабы рашэння праблем, як наркотыкі. Ну і, вядома, самае галоўнае пытанне, якім задаецца амаль кожны з нас: навошта я жыву? – падзялілася ўражаннямі адна з гасцей мерапрыемства псіхолаг Марына Валасковіч.

Музычныя калектывы Nevma, “Чердак”, ThanksForMeds, а таксама Анастасія Блакітная і Наталля Шырко дапамаглі стварыць атмасферу мерапрыемства яшчэ больш цёплай. Асабліва прыйшлася ўсім па душы рок-група Nevma з Магілёва, якая да таго ж стала аўтарам саўндтрэкаў да фільма “Мой Максім”.