У Ільянскай сярэдняй школе імя Адама Грымаця краязнаўствам захапляюцца ўсе: дырэктар Ігар Юшко, настаўнікі, старшакласнікі і нават вучні пачатковай школы.

Таму 27 мая ў нашай установе адбылося традыцыйнае свята “Лепшы краязнавец года”.

Папярэднічаў святу месячнік па краязнаўстве, у час якога кіраўнікамі школьных народных музеяў Людмілай Маркевіч і Розай Шэрай была праведзеная маштабная работа. Адбыліся сустрэчы з дачкой пісьменніка Івана Навуменкі доктарам-афтальмолагам Валерыяй Навуменкай, з пісьменнікамі Людмілай Рублеўскай і Віктарам Шніпам.

На тэрыторыі школы была адкрытая мемарыяльная дошка, прысвечаная Змітраку Бядулю, школьныя музеі папоў­ніліся новымі экспанатамі.  У музеях былі распрацаваныя і праведзеныя новыя экскурсіі, выстаўленыя прыватныя калекцыі вучняў. Кіраўнікі музеяў з дапамогай своеасаблівага тэставання праверылі, як вучні 2-11 класаў ведаюць гісторыю Ільяншчыны.

Не абышлося і без літаратурнай творчасці: вучні 4-9 класаў напісалі апавяданні і вершы для зборніка “Куфэрачак”, які выходзіць у школе ўжо трэці год і прымяркоўваецца да конкурсу.

27 мая ўсе  вучні, якія паспяхова праявілі сябе ў краязнаўстве, сабраліся ў рэсурсным цэнтры музейнай педагогікі нашай школы, каб падвесці вынікі сваёй працы.

На свяце прэзентавалі зборнік літаратурных твораў “Куфэрачак”, лепшых краязнаўцаў узнагародзілі  дыпломамі. Ні пра каго не забыліся кіраўнікі музеяў: хтосьці быў адзначаны за лепшую экскурсію, хтосьці за папаўненне музеяў экспанатамі або за ўдзел у пастаноўцы п’ес.

Пасля быў шчодры салодкі стол, і свята скончылася. Але не скончыліся нашы краязнаўчыя пошукі. Наперадзе лета – час падарожжаў па родным краі, час новых знаходак.