У межах рэалізацыі праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні” Вілейскі раён выбраны пілотным па тэрытарыяльна-арыентаваным развіцці.
Ініцыятыўныя групы грамадскага аб’яднання па ўстойлівым развіцці Вілейскага рэгіёна “ЗОВіК” правялі апытанне сярод насельніцтва для выяўлення найбольш актуальных праблем.
У некаторых працоўных калектывах прапанавалі запоўніць анкеты. А таксама правялі апытанне ў сацсетцы – з тым, каб ахапіць большую колькасць людзей.
– Наступны этап – гэта складанне палажэння аб конкурсе мясцовых ініцыятыў, – расказвае сябра ініцыятыўнай групы “ЗОВіК” Вольга Шляпо. – На аснове распрацаванага палажэння мясцовыя жыхары будуць прапаноўваць свае праекты. Плануецца, што на лепшыя праекты выдзеляць фінансаванне ў 2017 годзе.
У апытанні прапаноўвалі выбраць з 16 праблем. Сярод іх – адсутнасць працоўных месцаў і месцаў для сямейнага адпачынку з дзецьмі, нізкі ўзровень даходаў, працаўладкаванне моладзі і іншыя.
Вынікі ў працоўных калектывах яшчэ будуць апрацоўваць эксперты.
А ў сацсетцы віляйчане галоўнымі праблемамі называлі адсутнасць месцаў для адпачынку моладзі і працаўладкавання.