Рост схаванага беспрацоўя і падзенне заробкаў, якія назіраюцца ўжо другі год запар, вымушаюць многіх беларусаў задавольвацца рэсурсамі ў раёне пражытачнага мінімуму.

23% насельніцтва Беларусі мае сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы ў памеры да 2,5 мільёна рублёў у месяц, сведчаць дадзеныя Белстата. Рэсурсы ўключаюць у сябе не толькі грашовыя даходы, але і кошт вырашчаных на агародзе прадуктаў і льгот, атрыманых ад дзяржавы.

Найбольш шматлікая група насельніцтва – 30% – жыве на рэсурсы ад 2,5 да 3,5 мільёна ў месяц. Яшчэ 28% – ад 3,5 да 5 мільёнаў.

10% шчаслівых беларусаў мае штомесяц больш за 6 мільёнаў рублёў.

Натуральна, “шчасліўчыкаў” больш у Мінску – гэта 23% жыхароў сталіцы. А бедных больш за ўсё ў Брэсцкай вобласці – тут 8% насельніцтва жыве за рысай беднасці.

Тымі, хто жыве за рысай беднасці ў Беларусі, лічацца людзі, якія маюць рэсурсы ніжэй за пражытачны мінімум, гэта значыць, менш за 1,7 мільёна рублёў у месяц. Такіх у краіне 5,4% насельніцтва.

Пачынаючы з мінулага года, доля насельніцтва за рысай беднасці пастаянна расце.

Графік ej.by.

Графік ej.by.

Традыцыйна асноўную масу малазабяспечаных складаюць сем’і з дзецьмі, бо рэсурсы ў такіх дамашніх гаспадарках дзеляцца на большую колькасць чалавек.

Адзначым, што колькасць бедных павялічваецца далёка не такімі хуткімі тэмпамі, як падаюць даходы насельніцтва (мінус 6% за мінулы год). Справа ў тым, што найбольшае змяншэнне заробкаў адбываецца ў традыцыйна высокааплатных галінах – прамысловасці і будаўніцтве.

Тады як у нізкааплатных бюджэтных галінах – адукацыі і ахове здароўя –зарплаты нават раслі. Таму бяднее ў першую чаргу сярэдні клас.

“Ежедневник”.