Гэта не развітанне, а падзяка за чатыры гады ў “РГ”, пад якімі гэтым лістом падводжу рысу.

На фота (злева направа): супрацоўніцы “РГ” Зоя Хруцкая, Наталля Тур і Настасся Роўда

Мы з “Рэгіянальнай газетай” нарадзіліся амаль адначасова, з розніцай у некалькі дзён, таму дні народзінаў адзначалі разам. Разам перажывалі няўдачы, вучыліся, радаваліся поспехам і дасягалі сваіх мэтаў.

За чатыры гады выраслі і я, і газета.

Мне пашанцавала апынуцца ў моцнай камандзе і мець магчымасць вучыцца ў сваіх калег. Не слухаць, а чуць. Не глядзець, а бачыць. Зазіраць углыб, аналізаваць, думаць, разумець і рабіць высновы. Усміхацца, нягледзячы ні на што, і жартаваць, нават калі зусім не смешна.

За гэты час “РГ” расквітнела і стала сапраўднай прыгажуняй. Мы паспелі абнавіць сайт, змяніць дызайн газеты, пасябраваць з тысячамі новых чытачоў, адсвяткаваць дваццацігоддзе, стаць “Найлепшай рэгіянальнай газетай 2015 года”. І гэта – толькі пачатак.

Я прыйшла ў рэдакцыю адразу пасля школы, зялёная. Многія мяне не разумелі і адгаворвалі. Маўляў, залатых гадоў сябе пазбаўляю. Тады я не ўяўляла, што “залатыя гады” чакаюць мяне ў “РГ”.

Дзякую сваім калегам, якія за гэты час сталі ці не сям’ёй. Чытачам, дзеля якіх я працую. Асобам, пра якіх я пісала, бо кожны з іх штосьці ўва мне пакінуў.

Час ляціць няспынна. Час ісці далей. Цяпер і я з карэспандэнткі “РГ” ператваруся ў яе чытача. Удзячнага чытача, улюбёнага ў газету і мову.

Ужо сумую.