Чаму ў заняпад прыходзяць атэлье, а таленавітыя швачкі ператвараюцца ў тых, хто можа прышыць гузік або пад­караціць штаны, і чаму ў Маладзечне вы нідзе не пашыеце прыстойны мужчынскі касцюм, разважаюць краўчыхі Святлана Садоўская і Іна Цярэшка.

Неяк у размове хтосьці са знаёмых кінуў фразу пра тое, ці працуюць увогуле цяпер дзе ў горадзе швейныя атэлье. Вырашыла праверыць. Насамрэч, большасць паслуг, якія аказваюць атэлье, гэта рамонт адзення. І толькі лічаныя возьмуцца за шыццё ўбору з ідэі.

На першае пытанне, ці запатрабаванае шыццё адзення, Іна з парога запыталася:

– Ці даводзілася вам хоць раз шыць адзенне ў атэлье і колькі разоў пасля гэтага вы яго апраналі? Чамусьці ў большасці людзей ёсць негатыўны досвед звяртання ў атэлье.

Прынцыпы працы ў жанчын простыя:

– Не трэба шыць тое, што вы можаце набыць у магазінах.

– Адзенне, якое вы шыеце ў атэлье, павінна быць паўсядзённым.

–  Калі замовілі на ўрачыстасць, то будзьце гатовыя, што майстрыха спытаецца пра месца правядзення, колькасць гасцей, у якіх вы будзеце туфлях, якога колеру будзе лак на пазногцях.

– Быў у мяне выпадак, калі жанчына была незадаволеная коштам спадніцы, кажа, што пашыла б такую ў 10 разоў танней, – расказвае Святлана. – Але ніхто не лічыць, што гэта карпатлівая праца, што патрабуецца некалькі прымерак, абмеркаванне таго, якой павінна быць гатовая рэч, раскрой. А добры кравец, ён жа як мастак, іх не штампуюць пачкамі.

– Замаўляла сукенку жанчына, якая займаецца бальнымі танцамі. Для гэтай сукенкі трэба было прышыць безліч стразаў і паетак, – расказвае Святлана. – За дзень такой працы ад бляску ўжо ў вачах стала рабаціць. Але давялося ўзяць сукенку дадому. Уключаю святло ў калідоры і разумею, што на паркеце стразікаў будзе не хапаць. Да чаго гэта я. Сапраўдны кравец як доктар, ён павінен адчуваць свайго “пацыента” і карэктаваць “лячэнне” ў працэсе. Зрэшты, праца доктара і краўца падобная яшчэ тым, што з-за таго, што мала плацяць, спецыялісты вымушаныя шукаць іншую крыніцу заробкаў.

Калі сукенка гатовая, зазіраю ў вочы з пытаннем: “Ну як, смачна?”

– Бывае, іду па гора­дзе, – расказвае Іна, – і бачу жанчыну ў нейкай незвычайнай рэчы. Думаю, во як цікава, а потым прыгледжуся і разумею – гэта мы шылі гадоў восем таму. Нядаўна прыходзіла жанчына, якой шылі паліто 10 гадоў таму. Прынесла памяняць гузікі.

Толькі, скардзяцца майстрыхі, жанчыны вельмі сціплыя на пахвалу.

– Натуральна, калі гаспадыня нешта прыгатуе, яна варожыць на кухні, стараецца, потым частуе некага і пытаецца: “Смачна?” Ці моў­чкі чакае рэакцыі. Вядома, ёй хочацца, каб яе пахвалілі. Так і я, – прызнаецца Святлана, – аддаю гатовую сукенку і зазіраю ў вочы з такім жа пытаннем: “Смачна?”.

Святлана ў гэты час апранае паліто, разглядае яго ў люстэрку.

– Паліто як новае, такія ж яркія колеры, добрая якасць. Я ўсім раю шыць нешта падобнае. І яно будзе служыць вам дзесяцігоддзямі. Набыў да гэтага маек рознакаляровых, трыкатажных – вось у цябе і новы вобраз. Цяпер жа прамысловасць працуе так, каб часцей куплялі абноўкі.

У сувязі з гэтым жанчыны прыгадалі прытчу пра беднага шаўца. У яго адзін дэндзі замовіў туфлі. І такія яны былі добрыя, што зносу ім не было. І калі праз вельмі доўгі час гэты ж дэндзі прыйшоў замовіць яшчэ адны туфлі, знайшоў шаўца ў вялікай беднасці.

– Як так атрымалася? – спытаўся дэндзі. – Ты шыў такі добры абутак, якому не было зносу. І ты жывеш у такой галечы.

– У гэтым мая бяда, што я шыў надта добры абутак, што да мяне рэдка прыходзілі другі раз.

– Так і сапраўдныя швачкі, – падсумоўвае Святлана, – калі ўжо шыць рэч, то такую, каб ёй зносу не было.

Калі з жаночай модай яшчэ больш зразумела: жанчыну можа выратаваць новая трыкатажная кофтачка, шалік, брошка, то мужчыны ў гэтым плане вельмі пакутуюць.

Сёння ў Маладзечне, сцвярджае Святлана,  ніхто не возьмецца шыць мужчынскі касцюм. Таму што няма спецыялістаў, сучасных выкраек.

– Але вельмі непрыемна назіраць, калі побач з  жанчынай, якая апранутая з густам, ідзе мужчына ў сандалях і шкарпэтках. Фу такой жанчыне, будзь гэта мама ці жонка.

Свайму мужчыну трэба даваць парады, як апранацца, калі ён сам гэтага не ўмее. І побач з безгустоўна апранутым мужчынам любая прыгажуня будзе выглядаць безгустоўна.

Сваякі Святланы і Іны, бывае, просяць іх сшыць сабе нешта прыгожае.

– Хаця часцей бывае наадварот. Я сама прапаноўваю ім абнавіць гардэроб.

– Калі дачка была меншая, адмахвалася, – кажа Іна, – маўляў, я сама ведаю, як мне апранацца. Цяпер жа ўсё часцей пытаецца, што апрануць, каб пасавала пад туфлі ці сумку.

Асобная тэма ў швейнай майстэрні  –  вясельная мода.

– Аднойчы ў суботу я сядзела з дачкой у парку, назіралі за вяселлямі. У пэўны момант дачка запыталася ў мяне: “Мама, а чаму нявеста адна і тая ж?”. Я не адразу зразумела, чаму малому дзіцяці падалося, што пышнае белае воблака, якім любяць выглядаць усе нявесты, – гэта не адзін і той жа чалавек.

Амаль усе нявесты лічаць, што вясельная сукенка павінна быць пышнай, але чамусьці не думаюць пра тое, што жаніхі ж розныя, ім жа газеткі пад пінжак не напхаеш, каб ён хаця б вонкава адпавядаў гэтаму вялізнаму воблаку.

Вясельная сукенка, расказваюць майстрыхі, шыецца доўга, доўга абмяркоўваецца.

– Я за тое, каб вясельныя сукенкі былі трансформерамі. Каб потым не віселі ў шафе, не пыліліся.

А яшчэ вельмі падрываюць  імідж швейных атэлье швачкі, якія шыюць дома. Такія лю­дзі, вядома, шыюць танней, але яны ж і падаткаў не плацяць, і калі блага сшыюць, то і прэтэнзію прад’явіць не бу­дзе каму.

– Вядома, у атэлье пашыць адзенне даражэй, чым купіць у краме, і ўсё часцей чуем ад людзей, што цяпер крызіс, грошай няма. А што, скончыцца крызіс і толькі тады пачнём жыць? Не, жыць трэба цяпер і зараз. І апранацца прыгожа.