Кінатэатры і Вілейкі, і Маладзечна адначасова прапануюць гледачам галоўныя фільмы тыдня: “Чарапашкі-ніндзя 2” і “Аліса ў Залюстаркоўі”. Маладзечанская “Радзіма” дадае таксама карціну “Варкрафт”.
“Чарапашкі-ніндзя 2” – прэм’ера для ўсіх, хто ведае, што Мікеланджэла, Данатэла, Рафаэль і Леанарда – гэта не толькі мастакі Рэнесансу.
У гэтай частцы да каманды герояў далучаецца Кейсі Джонс і Караі – дачка антаганіста чарапашак Шрэдара.
“Чарапашкі-ніндзя” – гэта вынаходлівасць у барацьбе са злом, сіла братэрства і сяброўства, якая пераадолее ўсе перашкоды і аб якую разбіваецца любое зло, што пагражае чалавецтву. Але ці гатовыя людзі прыняць дапамогу ад істот, якія так дзіўна выглядаюць? Ці давераць жыццё тым, хто зусім не падобны да іх?
У гэтай частцы фільма шмат увагі надаецца тэме лідарства і таму, што робіць моцным. Толькі калі разумееш, у чым адметнасць і сіла кожнага, можаш прыдумаць самы неверагодны план і зрабіць тое, што не можа ніхто іншы. Што б ты ні рабіў добра, знойдзецца той, хто зробіць гэта яшчэ лепш. Але калі ты маеш блізкіх па духу людзей, якія адметныя ў сваіх накірунках, толькі тады вам разам пад сілу змяніць свет.
Схадзіце на карціну, каб панастальгіраваць, а лепш за ўсё ідзіце з дзецьмі і адпачывайце.
Фота youtube.com.
Другая карціна, якая захопіць і дарослых, і дзяцей, – працяг фантастычнай гісторыі “Аліса ў Залюстаркоўі”.
Краіну цудаў захапіў злодзей па імю Час. Ён разбурыў усё, што там захапляла. І цяпер толькі Аліса можа выратаваць Вар’яцкага Шляпніка і іншых сяброў. Ці зможа дзяўчына вярнуцца ў мінулае, змяніць ход часу і перамагчы цемру?
Фота chameleon.fm.
“Варкрафт” – карціна, пабудаваная на сусвеце аднайменнай культавай камп’ютарнай гульні. Яе асабліва ацэняць фанаты серыяла “Вікінгі”, таму што выканаўца ролі Рагнара Лодбрака Трэвіс Фімел у “Варкрафце” іграе галоўнага героя з боку Альянса.
У Беларусі “Варкрафт” сабраў рэкордны паказчык за першы дзень прагляду па краіне – каля 95 тысяч долараў у эквіваленце. На гэта кінатэатр “Радзіма” адрэагаваў павелічэннем цаны за білет да 70 000 рублёў.
“Варкрафт” – гэта проста падарунак для візуалаў, таму што такой прамалёўкі на вялікім экране вы яшчэ не бачылі. Да дасканалага і чароўнага малюнка дадаецца эпічная гісторыя, якая ўскалыхне аматараў фэнтэзі. Дазвольце сабе задавальненне – “Варкрафт” у 3D у кінатэатры.
Фота filmwarcraft.ru.
Кіно Вілейкі
Кінатэатр “Мір” таксама прапануе заварожваючы працяг гісторыі пра фокуснікаў – фільм “Ілюзія падману 2”.
У гэтай частцы персанажы сутыкнуцца з помстай, іх ворагі сталі магутнымі, але і “магія” ілюзіяністаў значна ўзмацнілася. Фільм пад слоганам “Вы яшчэ нічога не бачылі” створыць адначасова небяспечную, прыгожую і чароўную атмасферу.
Фота youtube.com.
Пра час і цану кінасеансаў глядзіце ў рубрыцы “Рэпертуары”.