У “Рэгіянальную газету” з такім пытаннем звярнулася жыхарка вёскі Ілья Вілейскага раёна (прозвішча ёсць у рэдакцыі):
“Суседзі ўтрымліваюць вялізную колькасць жывёлы: больш за 50 авечак, козы, свінні і гэтак далей. Пах стаіць жудасны. Летам адпачываць з дзецьмі немагчыма. А побач рэчка, цяпер тут ляжыць велізарная куча гною.
Хацела б ведаць, якія ёсць нормы па колькасці жывёл у прыватным сектары? Шукала сама ў інтэрнеце, нічога не знайшла”.
На пытанне адказвае начальнік Вілейскай ветэрынарнай станцыі галоўны дзяржветінспектар раёна Іосіф Томкавіч:
– Канкрэтных ветэрынарных нормаў, якія рэгламентуюць колькасць жывёл на прыватным падворку, няма. Але трэба, каб тэрыторыя ўчастку ўтрымлівалася ў чысціні, гной складзіраваўся належна. Ёсць патрабаванні, што не дазваляецца выгульнае ўтрыманне свіней. Па правілах усе жывёлы павінны ўтрымлівацца ў спецыяльных гаспадарчых пабудовах або ў вальерах. Рэгламентуецца адлегласць пабудоў ад да жылога дома, межаў суседняга ўчастку.
Расказаў Іосіф Томкавіч, што ў раёне былі выпадкі, калі людзі рабілі яшчэ адзін плот, каб жывёла да плата на мяжы з суседскім участкам не падыходзіла.
А што з пытаннямі аховы прыроды – узгаданай кучай гною ля рэчкі?
“Паводле Воднага кодексу ў прыбярэжнай зоне забараняецца размяшчэнне адходаў і пабочных прадуктаў, да якіх адносіцца гной. Для разгляду гэтай справы трэба звярнуцца з пісьмовым зваротам у райвыканкам, дзе ім зоймуцца адпаведныя службы”, – адказала галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Маргарыта Белановіч.