У рэдакцыю газеты “Наша ніва”  даслаў ліст чытач, жыхар Маладзечаншчыны. 

Ён піша:

“Я жыхар вёскі Палачаны, Бекіш Міхаіл Восіпавіч. У гэтай вёсцы я нарадзіўся, усё жыццё маё прайшло тут. Жыву па народнай прымаўцы: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

Быў час торфараспрацовак. З пяцідзясятых вецер ганяў тарфяны пыл, набіваў яго за аконныя рамы, ён асядаў на вывешаную для прасушкі вопратку. Было цяжка, але людзі разумелі, што трэба паліва. Скончыўся торф, стала чыста. Аднак нядоўга радаваліся вяскоўцы. Пабудавалі асфальтавы завод. Гэта горш за торф. Працаваў я на чыгуначнай станцыі Палачаны, у зацішную ноч дыхаць было немагчыма, акісляльнікі бітуму – зусім не дыхальныя сумесі для людзей. Пры паўночным ветры суседства немагчымае.

“Смалярня”, як завод клічуць у народзе, функцыянуе і цяпер. Яшчэ адзін сюрпрыз, відаць, чакае нас у хуткай будучыні. Дайшла да нас “свіная цывілізацыя”: побач з вёскай задумана будаўніцтва свінакомплексу на сто тысяч галоў. І, напэўна, незразумела змагарам за свінакомплекс, што ўвесь басейн ракі Бярэзіна будзе запаганены.

Комплекс збіраюцца будаваць на ўзвышшы. Унізе – Палачаны, куды ў ліўневыя дажджы ідзе вада, заліваючы цэнтр, а далей – Бярэзіна.

А Яхімоўшчына, унікальнае купалаўскае месца, наогул патоне ў гноі і яго водары, бо знаходзіцца ў яме. Як пахне свінакомплекс, мы ведаем добра. Побач, у вёсцы Хожава, ужо пабудаваны свінакомплекс па нямецкай тэхналогіі, праўда, меншы за наш. А возера, куды мы раней ездзілі на рыбалку, стала далёка не прывабным з-за спецыфічных водараў.

Свінакомплекс на 100 тысяч галоў ўжо будуецца каля вёскі Соўлава, за 12,5 кіламетра ад нас напрасткі, а ад меркаванага месца будоўлі – ад 800 метраў да 2,5 кіламетра да шасці вёсак. Атрымліваецца, што колькасць свіней на маленькі лапік зямлі перавысіць колькасць жыхароў нашага райцэнтра Маладзечна ў два разы.

Мала таго, што пад будаўніцтва адводзяцца ўрадлівыя землі, дык мы яшчэ апынемся пад пагрозай забароны трымаць свіней.

Працяг чытайце на “Нашай ніве”.