– Ой, там унутры цётачка, можна руку ў пашчу засунуць, – і дзіцячая рука лезе ў пашчу плюшавага ваўка, за якой хаваюся я, журналістка, якая рашылася на вясёлы і вельмі калматы эксперымент.

Ваўка Вулфі, талісмана футбольнага клуба “Іслач”,  я прыкмеціла даўно, яшчэ на першай дамашняй гульні клуба. Тады ж і пазнаёмілася з заўзятарам каманды Ігарам, тым самым, хто жыве ўнутры гэтага ваўка.

На гульні супраць мазырскай “Славіі” адважылася і папрасілася ў Ігара памяняцца шкурай.

– Значыць, так, – дае каштоўныя ўказанні Ігар.

– Распранайцеся! Бо будзе настолькі горача, што любое адзенне будзе лішнім. Вы ў балетках? Дрэнна, лапы будуць звальвацца, трэба быць у кедах на шнурках. Вентылятар у галаве ваўка зламалі журналісты да вас, таму трымайцеся.

Перад выхадам “у людзі” Ігар зашпільвае касцюм, абувае мне лапы, дае лапкі-рукавічкі.

Яшчэ з каштоўных указанняў Ігара запомніла, што трэба асцерагацца дзяцей з марожаным, берагчы хвост, бо кожны марыць за яго пацягаць, і глядзець пад ногі, таму што і там часта круцяцца дзеці.

Ігар аддае мне морду ваўка і папярэджвае:

– Пратрымайцеся хоць 10 хвілін. Мяне аднойчы пасля матча нават нашатыром ратавалі.

Пасля ўсяго гэтага я разумею, што хоць морду яшчэ не прымерала, а пот тоненькім струменем сцякае па спіне, нагах, пачынаюць мокнуць скроні.

Вось што хачу сказаць. Быць талісманам каманды і заўзятарам немагчыма. У галаве ваўка агляд мізэрны. Бачу толькі частку дарогі перад сабой і ружовы плюшавы язык. А яшчэ прашу прабачэння ў дзяцей, на чые прывітанні я не адказала. У галаве глуха як у танку.

Ігар расказаў, што асноўная задача Вулфі – фатаграфавацца з дзецьмі і падымаць баявы дух заўзятараў.

Першая частка задання зразумелая – праз хвіліну мяне абляпілі дзеці. Усе хочуць сфатаграфавацца, вітаюцца. Першыя хвіліны моўчкі ківаю, махаю лапамі.

Падыходзіць сфатаграфавацца маленькі светленькі хлопчык, усмешка такая, што замірае нават сэрца драпежніка.

– Як цябе завуць? – пытаюся я ў хлопчыка.

– Мікіта, – і вочкі ў хлопчыка пачынаюць акругляцца, – дык Вулфі што, дзяўчынка?

Але асноўная “дзвіжуха” пачынаецца на трыбунах. Дастаткова было толькі прысесці побач з чатырма дзяўчаткамі, як тут жа пачалося:

– А сфатаграфуйся са мной, і са мной, і з Лерай. І разам з намі дваімі, а цяпер усе разам. А я блага атрымалася, яшчэ раз, не, лепей седзячы, а цяпер, каб поле было бачнае.

Пасля навалы гэтай гіперактыўнай саранчы з фотаапаратамі я адчуваю, як пот градам коціцца на твар, валасы намакаюць і прыклейваюцца да лба. Спрабую звыклым рухам рукі выцерці пот і разумею, што мая рука ўпіраецца ў вышчараную пашчу.

Выйсце адно. Схавацца ад людзей і прывесці сябе ў належны стан.

Але… Заданне ніхто не адмяняў, і я вымушаная паказваць радасць.

Ну што ж, махаю лапамі, фатаграфуюся з усімі ахвотнымі. Пагаджаюся ісці ўслед за хлопчыкам Арсенем, які захацеў пазнаёміць Вулфі са сваімі мамай і татам, даю “пяць” усім, хто папросіць.

Просяць пераважна дарослыя мужчыны, сапраўдныя заўзятары. Я падымаю лапку і… мяне па ёй лупяць так, што, здаецца, дадому я прыйду без рукі. Ну, а што ж, яны ж шчыра, ад душы, з усёй сілы. Воўк жа таксама мужык.

Ужо амаль дайшла за вугла, каб схавацца, як раптам падбягае бацька з дачкой:

– А давай сфоткаемся разам з нашым любімым Вулфі.

– А давайце, – кажу.

– Ой, а хто там? А дзе сапраўдны Вулфі?

Жаночы голас чуюць шалёныя падлеткі:

– А-а-а-а, дык там цётачка. Ура! Можна руку ў пашчу засунуць. Ой, які ў вас хвосцік.

Ад дзяцей дапамагае адбіцца фатограф.

Дарэчы, здараліся і казусы.

Па-першае, тое, пра што гаварыў Ігар. Дзяцей не відаць абсалютна. Калі мелюзга падыхо­дзіла фатаграфавацца, я толькі па тым, што яны прыціскаліся да нагі, адчувала, што побач яшчэ нехта ёсць.

Па-другое, калі просяць пра фотаздымак, я пазіравала як мае быць, усміхалася і думала пра тое, які ў мяне выраз твару. Забываешся пра тое, што астатнія бачаць толькі пысу ваўка.

Дык да казусаў. Ужо ў перапынку выходжу на поле, да мяне падыхо­дзіць спецыяліст “Іслачы” па бяспецы.

– Ну, як ты сёння? Не мерзнеш?

– Ну, нармальна, наадварот горача.

Паўза. Вялікія вочы. І раптам спалоханы голас:

– Хто там?

На перапынку захо­джу ў распранальню, здымаю морду. Бачу ваду. Выпіваю літр адразу. Не палягчэла.

Забягае Ігар. Пытаецца, ці вытрымаю другі тайм. Задумалася. Можа б, і вытрымала. Прызвычаілася ўжо. Зразумела, што галаву ваўка трэба адкідаць назад, тады ёсць шанец убачыць тых, хто перад табой. Але вырашыла, што на першы раз хопіць, і перспектыва страціць прытомнасць на стадыёне на вачах ва ўсіх, будучы талісманам каманды, напужала.

Зноў з Ігарам мяняемся шкурамі. Тое адзенне, што было на мне, можна было выкручваць. Паверце, у саўне так не сагрэешся.

Выходжу на вуліцу. Холадна і мокра. Кідаю позірк на сапраўднага Вулфі, які пайшоў забаўляць дзяцей і падымаць дух каманды.

– Трымайся, Ігарок, – тлумач цяпер гледачам, што ў ваўку ўжо не цётачка.