У рэдакцыю  звярнулася жыхарка першага корпуса дома №6 па вуліцы Незалежнасці ў Вілейцы. Паскардзілася на стан вады з водаправода:

“Колькі тут жывём, вада ніколі не была ідэальнай, але ўжо амаль тыдзень яна ўвогуле жудасная. У нас вельмі брудная вада, мы не можам дзяцей купаць, піць, мыць. Далі заяўку 1 чэрвеня ў водаканал. Праз дзень нам прамывалі, але вада ўсё роўна брудная. Зноў падаём заяўку. Хіба такую ваду можна піць? Я за такую ваду плаціць не хачу”.

І ў пацвярджэнне даслала фатаграфіі, на якіх бачна брудная вада з асадкам.

Фота забяспечана чытачкай.

Фота забяспечана чытачкай.

Фота забяспечана чытачкай.

Фота забяспечана чытачкай.

У Вілейскім водаканале на момант выхаду газеты каментар атрымаць не ўдалося.

Чаму вада магла стаць бруднай, расказала доктар-гігіеніст (загадчыца аддзела гігіены) Вілейскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Будзько:

– Вілейскі водаканал адказвае за вонкавыя сеткі, у адпаведнасці з патрабаваннямі прамываюць іх. І ад водазабора ідзе вада, якасць якой адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў.

Дом гэты кааператыўны. У такім выпадку найперш неабходна звяртацца да старшыні кааператыва, кажа спецыяліст:

–  Так як за якасць вады ва ўнутрыдамавых сетках і вытворчы кантроль за ёй ажыццяўляе эксплуатуючая арганізацыя. Калі якасць пітной вады не адпавядае паказчыкам, неабходна звярнуцца ў спецыялізаваную арганізацыю – у нас гэта Вілейскі водаканал.  Яго спецыялісты могуць правесці ўсе этапы санітарнай апрацоўкі сетак. А потым даследаваць ваду ў акрэдытаванай лабараторыі на прадмет адпаведнасці паказчыкам якасці і бяспекі. Пра канкрэтны выпадак не магу сказаць, але часта бывае так: якасць вады не зусім добрая з-за таго, што ўнутрыдамавыя сеткі належна не прамываюцца. Проста кранік адкрыюць, ваду спусцяць. Прамыўка ж павінна праводзіцца ў некалькі этапаў.

Прычынай дрэннай якасці вады могуць быць розныя фактары.

Калі людзі захочуць праверыць ваду ў райЦГЭ, то трэба прыехаць, падаць заяву і аплаціць кошт паслуг. Супрацоўнікі цэнтра прыедуць на месца.

– Для грамадзян гэта паслуга платная, але яны аплачваюць толькі кошт расходных матэрыялаў. І ў кожным выпадку кошт устанаўліваецца асобна, у залежнасці ад таго, якія паказчыкі цікавяць людзей, – дадае Кацярына Будзько.