Нядаўна выйшла з друку кніга “Беларускі эратычны фальклор”, каардынатарам якой з’яўляўся Глеб Лабадзенка.

Але задоўга да яе выхаду ў інтэрнэце пачаліся абмеркаванні. Адны каментатары выказваліся за тое, што кожны народ павінны ведаць сваю культуры: “Ва ўсіх народаў ёсць эратычны фальклор, чаму мы не павінны ведаць і саромецца свайго?” Іншыя наадварот абураліся: “Мацерныя прыпеўкі вырашылі пакласці на навуковую аснову – смешна, але не больш за тое”.

Трэці бок заняў супрацьлеглую пазіцыю – навошта абмяркоўваць змест, калі самае цікае – у фотаздымках. Выказвалі нават вельмі смелыя фантазіі: “Уявіў паўаголеную яркую брунетку, якая ляжыць у бацвінні бульбы, прыкрываецца пучком ільну…”.

Але падобныя рознагалоссі яшчэ больш падагрэлі жаданне набыць кнігу. І вось яна ў маіх руках…

Фота labadzenka.by.

Фота labadzenka.by.

Пачну з вокладкі і ілюстрацый. У кнізе 30 фотаздымкаў. Тут варта адразу папярэдзіць уразлівага чытача – усе яны цалкам прыстойныя, але маюць ноткі пікантнасці, гуллівасці. А як без гэтага – ілюстрацыі павінны адпавядаць зместу.

Фота Міхася Аракчэева.

Фота Міхася Аракчэева.

Фота Міхася Аракчэева.

Фота Міхася Аракчэева.

У кнізе выдатна паказана, наколькі ўважліва беларусы ставіліся да свайго інтымнага жыцця. Ад самага нараджэння дзіцяці бацькі выконвалі пэўныя дзеянні, якія павінны былі забяспечыць поспех у супрацьлеглага полу, у сэксуальным жыцці. Важным было і захаванне да вяселля цнатлівасці як у дзяўчыны, так і ў хлопца.

Аўтар зазначае, што эратычны фальклор не выконваўся абы-дзе і абы-калі – дзеля гэтага існавалі пэўныя каляндарныя адрэзкі часу і пэўная аўдыторыя. Пры гэтым эратычныя творы былі зашыфраваныя пры дапамозе разнастайных вобразных сродкаў, таму не кожны мог зразумець сэнс прыпеўкі ці загадкі. Напрыклад, паенне каня прычытваецца як метафара палавых зносін.

Кніга падмацаваная яркімі прыкладамі запісаў са зборнікаў Паўла Шэйна, Яўгена Ляцкага, Севярына Малевіча, Адама Гурыновіча, Мікалая Нікіфароўскага, запісамі Рыгора Барадуліна, а таксама сучаснымі.

Аднак, на мой погляд, у кнізе не хапае аўтарскіх каментароў да раздзелаў. Так, напрыклад, з раздзела пра Каляды мы даведваемся пра адзін з цікавых абрадаў – жаніцьбу Цярэшкі, пасля прыводзяцца прыклады фальклорнай творчасці. Хацелася б больш грунтоўнага тлумачэння і да іншых раздзелаў: Жніво, Купалле, Радзіны, Вяселле.

Кніга вартая ўвагі не толькі ў тым плане, каб захаваць фальклорную спадчыну. Гэта выдатны даведнік для моладзі, што інтымнае жыццё – нешта большае, чым сувязь паміж двума людзьмі, а таму не трэба гэту частку жыцця рабіць тэмай для ўсеагульнага абмеркавання, а тым больш рагатання.

А пакуль вы яшчэ не набылі кнігу “Беларускі эратычны фальклор”, прапануем вам адгадаць некалькі загадак.

1. Вісіць, баўтаецца, каму нада – хапаецца.

2. Як тая дзірка называецца, куды жывое мяса ўкладаецца?

3. Красненькі, лысенькі, 12 сантыметраў ростам. Жонцы хваціць, а ўхажорцы мала.

4. Як у нашае малодкі загарэлася ўсяродкі, а ў малайца пацякло з канца.

5. Зверху чорна, унутры красна. Як усунеш, дык прэкрасна.

6. Дзявочае чарасло наакола абрасло, пасярэдзіне дзірачка.

7. Прыйшоў май і просіць: дай! А я дала, і паддала, і нагу падняла. І свярбіць, і шчакочацца, і яшчэ хочацца.

8. Прыйшоў нехта, усунуў нешта. Зрабіў рэч і пайшоў прэч.

9. Задраўшыся на бабу лезець.

10. Моршчысь, не моршчысь, усё роўна ўсуну.

Адказы глядзіце заўтра на сайце rh.by.

Фота kp.by.

Фота kp.by.