– Як заўжды вечарам 29 чэрвеня прыбег на возера паплаваць, – прыгадвае. – Праходжу, стаіць машына і два міліцыянеры. Побач з імі прайшоў, распрануўся, паплаваў. Яны пад’ехалі, перагарадзілі мне дарогу. Дасталі тэлефон і паказалі фота: “Вось бачыце, парушэнне”. Склалі пратакол.

Віляйчанін думаў, пратакол пратаколам, але неяк усё вырашыцца. Аднак потым выклікалі на камісію у райвыканкам і далі штраф 180 тысяч рублёў.

– Людзі, з якімі разам плаваем, кажуць: “Мы б не плацілі”. Ну думаю, і плаціць не буду. Але перад Новым годам з пенсіі вылічылі ўжо больш, амаль 200 тысяч рублёў. Але я скарджуся не на гэта, а на тое, што ў родным возеры, у якім 50 год плаваю, пакупацца не магу.

Расказвае Віталь Галубіцкі, што людзі ўсё роўна прыходзяць на Салдацкае купацца, але робяць гэта з асцярогай:

– Ідзём на Салдацкае плаваць, як быццам на бровар. Два плаваюць, два на шухеры стаяць. Летась міліцыянеры ездзілі на машыне. Людзі баяліся: хто ведае, будуць штрафаваць ці не. Ніхто не хоча штраф атрымаць.

Але як цёпла, як гэта можна загараць і не пакупацца? Ці ўявіце сабе вадасховішча. Я сам аматар актыўнага адпачынку, хаджу на байдарцы, бачу, колькі людзей адпачывае на яго берагах. Калі іх усіх сагнаць на афіцыйна зацверджаны пляж, то там будзе такі натоўп, што выратавальнікі рады не дадуць. Ці на байдарцы пойдзеш, спякота, а як жа акунешся  дзе гарантыя, што ўчастковы не зловіць. Ці ж гэта разумна?

“Там рэзкія перапады глыбінь”

Чаму за купанне на Салдацкім возеры можна атрымаць штраф, патлумачыў начальнік Вілейскай выратавальнай станцыі Ягор Роўда.

– Нашы спецыялісты абследавалі Салдацкае возера і зрабілі заключэнне, што яно немэтазгоднае для купання грамадзян. Там рэзкія перапады глыбінь, ілістае няроўнае дно. Калі чалавек умее плаваць, то нічога, а калі не – то скончыцца можа дрэнна, – патлумачыў начальнік Вілейскай выратавальнай станцыі Ягор Роўда. – Калі вышка стаяла там, кожны год тапіліся людзі. Таму нават хадайнічалі, каб яе спілаваць. Калі ўладамі забароненае купанне тут, то значыць забароненае, ёсць жа іншыя месцы.

Рашэннем райвыканкама зацверджаныя тры месцы для купання на гэтае лета ў Вілейскім раёне: гарадскі пляж на Вілейскім вадасховішчы ў раёне выратавальнай станцыі, дзіцячы пляж “Сонечны” на рацэ Вілія ў горадзе,  сажалка ў вёсцы Асіпавічы.

 – Там абследаваныя пляжы, выстаўленыя буі, ачышчанае дно, – кажа Ягор Роўда. – Зараз рыхтуецца рашэнне, у якім будуць вызначаныя забароненыя для купання месцы. Каб адпачынак на вадзе быў бяспечны, раю купацца ў адведзеных для гэтага месцах, уважліва глядзець за дзецьмі і не ўжываць алкаголь падчас баўлення часу ля вады.

Як з’явіцца рашэнне пра забароненыя для купання месцы, пазнаёмім нашых чытачоў з ім і каментаром міліцыі.

 

Наколькі і калі могуць штрафаваць

Згодна з артыкулам 23.63 Кодэкса аб Адміністрацыйных правапарушэннях  Рэспублікі Беларусь “Купанне ў забароненых месцах”, парушальнік можа быць пакараны штрафам у памеры ад адной да трох базавых велічынь (ад 210 да 630 тысяч рублёў). Забароненыя для купання месцы фарміруюцца ў дакладны пералік. Пра тое, што тэрыторыя вадаёма з’яўляецца небяспечнай для жыцця або здароўя, сведчыць адпаведная шыльда з надпісам “Купанне забароненае”. Калі такой шыльды каля вадаёма няма, тады купанне ў ім не з’яўляецца парушэннем артыкула.

Паводле адказу на юрыдычным форуме kodeksy-by.com.