Лінію электраперадач “Астравец-Адуцішкіс (Гайдуцішкі)-Паставы” для Беларускай АЭС будуюць кітайскія падрадчыкі. Фінансуюць працы за кошт крэдыту кітайскага банка.

 Лінія электраперадач  праходзіць па тэрыторыі  Астравецкага і Пастаўскага раёнаў. Рэгіянальны каардынатар грамадскай экалагічнай інспекцыі “Зялёны дазор” Ігар Пастухоў з групай эколагаў  ад лета 2015 года неаднаразова звярталі ўвагу дзяржаўных органаў на непарадкі пры будаўніцтве ЛЭП.

Гэта і высечаны лес, які застаецца гніць:

Знявечылі пейзажы, а сотні кубоў лесу згнаілі. І цяпер некалі дзелавая драўніна годная толькі што на дровы, – кажа ён.

Фота Ігара Пастухова.

Фота Ігара Пастухова.

 

 У Астравецкім і асабліва Пастаўскім раёнах знаходзілі кучы смецця, якія пакінулі кітайскія працаўнікі.

Яны звальваюць кучы смецця ў нашы лясы, частку яго закопваюць. У палявых кітайскіх лагерах поўная антысанітарыя, – непакоіцца Ігар.

Ці спрабавалі з прадстаўнікамі кітайцаў размаўляць, указваць ім гэтыя недахопы?     

Размаўлялі. Некаторыя  разумеюць рускую мову, але адразу яе забываюць, калі ім указваюць на парушэнні. Гэта не толькі мае назіранні, але і інспекцыі, і прадстаўнікоў лясніцтва.

Чаму, лічыце, так шмат парушэнняў?

З-за слабага кантролю за іх працай і асабістага невуцтва, непавагі да чужой краіны, у якую іх запрасілі на работу.  Падчас адной з інспекцыйных праверак  кітайскі повар  нават у прысутнасці камісіі  скідваў адходы  ў толькі што выкапаную яму.  Хоць абавязаны збіраць смецце у кантэйнеры і вывозіць. Але навошта яму? Беларуская прырода сцерпіць.

Кітайскі повар нават у прысутнасці камісіі скідваў адходы ў яму. Фота Ігара Пастухова.

Кітайскі повар нават у прысутнасці камісіі скідваў адходы ў яму. Фота Ігара Пастухова.

 

Што адказваюць эколагам

Па парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства Ігар Пастухоў і грамадскае аб’яднанне “Экадом” звярталіся ў “Гроднаэнерга” і Пастаўскі лясгас. Атрымлівалі адказы, што факты пацвердзіліся.  “Гроднаэнерга” абавязала  кітайскае таварыства “NCPE” прыбраць звалкі смецця ў лясах і выканаць ачыстку лесу.

Гроднаэнерга” адзначае, што ні адзін аб’ект не будзе ўведзены ў эксплуатацыю, а адпаведна не будзе праведзеная аплата за выкананыя работы пры наяўнасці на аб’ектах смецця, бытавых адходаў, рэшткаў будаўнічых адходаў і прыстасаванняў, пакінутых падраднымі арганізацыямі”, – гаворыцца ў адказе.

  Смецце пачалі прыбіраць, але як. Яго проста закопваюць: нядаўна ў гэтым пераканаўся. Падазраю, што яго хаваюць глыбока ў лесе. Але гэта трэба правераць, – дзеліцца Ігар Пастухоў.

Ці патрэбная гэтая ЛЭП 

Па меркаванні Ігара Пастухова, застаецца адкрытым пытанне захавання тэхнічных умоў пры пракладцы ЛЭП:

– Восенню 2015 года выявілі, што гайкі на апорах ЛЭП спакойна адкручваюцца нават не ключом – рукой.  На сходзе ў Белэнерга нам растлумачылі, што такія тэхумовы. Апоры павінны ўстаяцца на фундаментальных блоках месяц-два, а ўжо потым гайкі дазакручваюць, заварваюць разьбу і нацягваюць правады.

Аднак калі вясной лінія ЛЭП раптам на некаторых участках, як Пяшкоўскі, пачала тануць у адталым беларускім балоце,  тэхумовы аказаліся іншымі. Лінію з ужо нацягнутымі правадамі дэмантавалі, фундаментальныя блокі вырвалі і замянілі на палявыя. А гайкі заварылі адразу як нацягнулі правады – не чакалі ўсаджвання апор!

Апоры ЛЭП ставяць па-новаму. Красавік 2016. Фота Ігара Пастухова.

Апоры ЛЭП ставяць па-новаму. Красавік 2016. Фота Ігара Пастухова.

 

Яшчэ адно пытанне – мэтазгоднасць гэтай лініі электраперадач.

–  Літва, ля мяжы з якой будуюцца гэтая ЛЭП, адмовілася купляць электрычнасць з нашай АЭС. Польшча таксама адмовілася ад беларускай электраэнергіі. То навошта гэтая ЛЭП? – даводзіць Ігар Пастухоў. – Цяпер кажуць, што электраэнергія спатрэбіцца для развіцця прамысловасці ў Пастаўскім раёне.  Напрыклад, узгадвалі пра планы наконт алюмінеплавільнага завода. Уяўляеце сабе  завод з дымлівымі трубамі ў азёрным краі? Дастане ўсіх, і Нарач таксама.  Дзеля чаго гэтая АЭС і гэтая ЛЭП з праблемамі? Ці варта чакаць шчаслівага атамнага будучага, калі яна запусціцца?

 

Каментар у тэму

Выхад Літвы з БРЭЛЛ (энергакола, якое аб’ядноўвае энергасістэмы Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы) не паўплывае на працу Беларускай АЭС, паведаміў 31 мая ў Маскве намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

Літва праінфармавала беларускі бок, што ў яе планах у перспектыве адлучэнне ад БРЭЛЛ”, – сказаў Міхаіл Міхадзюк, удакладніўшы, што на работу Беларускай АЭС гэта не акажа ўплыву.

Наша станцыя будзе працаваць у базавай частцы графіка электрычных нагрузак для беларускага спажыўца”, –  падкрэсліў ён.

Будаўніцтва ліній выдачы магутнасці з БелАЭС вядзе  пад ключ” кітайская NCPE, кошт праекта складае 340 мільёнаў долараў, фінансаванне на 95% ажыццяўляецца за кошт крэдыту Эксімбанка” Кітая. Усяго трэба будзе пабудаваць больш за тысячу кіламетраў ліній электраперадач.

Паводле БЕЛТА і sputnik.by