У мяне была мара з самага дзяцінства – пабачыць горы. Якія – не мела значэння. І ў гэтым годзе па збегу абставін давялося паехаць у Заходнюю частку Украіны. А там якраз велічныя Карпацкія горы.

Я была на гарналыжным курорце Букавель амаль сем дзён і паспела палюбіць гэту краіну назаўсёды.

Купіла за 4,5 мільёна тур, у які ўваходзілі праезд на аўтобусе, двухразовае харчаванне, лазня, вячэрнія кактэйлі ды танцы. Калі мы ехалі па Украіне, увесь час глядзела ў акно.

Запомніліся палі, падобныя на габелены, быццам вытканыя з лапікаў рознакаляровай травы і чарназёму. Афарбаваныя ў жоўта-блакітны колер прыдарожныя слупы, агаро­джы, аконныя рамы дамоў. Шмат сцягоў нават на закінутых дамах. Уразіла рака Прут: мы абмінулі яе шэсць разоў!

А вось гарады на ўскраіне выглядаюць жудасна. Паўсюль смецце, пабітыя бутэлькі, падраныя афішы, якія кавалкамі звісаюць уніз. Калі мы вярталіся ў Беларусь, зламаўся аўтобус. Пару гадзін стаялі, таму быў час усё разгле­дзець. Запомніўся плот ля аўтатрасы, за якім было вельмі забруджана. А пасярод смецця раслі зялёныя галінастыя кусты.

Пасяліліся ў сімпатычным мястэчку Мікулічын, што знаходзіцца ў даліне ракі Прут. Домікі для нас зарэзервавалі тыя, хто адказваў за арганізацыю тура. Тут вельмі развіты прыватны бізнес, таму жылі мы побач з гаспадарамі. Яны цеплілі для нас лазню ды займаліся пытаннямі харчавання.

Гаспадыня доміка карміла добра. Былі і супы, і кашы, мяса і рыба, бліны і яйкі. Памятаю вельмі смачнае аліўе з перцам. Украінцы не шкадуючы перчаць стравы. Падавалі таксама гарбату з карпацкіх траў, свежую і гарачую.

Барная стойка проста ў вадзе

Нарэшце мы паехалі ў горы на маршрутцы, якая таксама была ўключаная ў тур. Прыкладна праз сорак хвілін былі на месцы. Ля падножжа гор шмат піцэрый, кафэ ды пунктаў пракату лыж.

Чым бліжэй да склонаў, тым больш уважлівы персанал.

Парадавала і сувенірная прадукцыя на невялікім рынку. Вялікі выбар магнітаў: у выглядзе раскрытага сэрца з нацыянальнымі колерамі пасярэдзіне, з календарамі, фотаздымкамі гор, рэльефныя, з сапраўднага ўкраінскага хлеба – сухі кавалачак хлеба быў прымацаваны да магніціка. Традыцыйная карпацкая гарбата, розная па складзе. Мёд у дражэ і кававыя зярняты ў глазуры. Касметычная прадукцыя з натуральных інгрэдыентаў. Наборы для варкі глінтвейну. Нацыянальнае адзенне і панчошна-шкарпэткавыя вырабы.

Насупраць лавак з сувенірамі можна было паесці хот-догаў, гамбургераў і нават баршчу. А таксама выпіць мясцовай медавухі ці цытрынаўкі.

Я не змагла ўтрымацца і наведала спа-цэнтр. Мінімальны час для аплаты – тры гадзіны. Цана – 220 тысяч на беларускія. Вядома, можна і падоўжыць. Класічны масаж спіны – 300 тысяч. Але ўсё астатняе бясплатна. Там ёсць рымская парыльня, дзве саўны ды саляная пячора.

Аматарам сэлфі варта зазірнуць у басейн з гарачай вадой, які месціцца на вуліцы насупраць гор. Там ёсць джакузі. Барная стойка стаіць проста ў вадзе, як і крэслы для наведнікаў.

Цэны на алкаголь тут вялізныя. Паесці таксама можна, але адно пірожнае ў пераводзе на беларускія каштуе каля 70 тысяч рублёў.

Боршч у хлебе з хлебнай накрыўкай

А вось у горадзе з ежай усё проста. За 130 тысяч можна ўзяць дзесяць варэнікаў, дзве кавы ды грамаў 400 салаты. Ці наведаць піцэрыю, дзе гатуе італьянец. Кошт піцы пачынаецца ад 100 тысяч. У некалькіх месцах яе ядуць са смажаным яйкам зверху.

У некаторых тыпова ўкраінскіх сталовых да заказанай ежы дадаюць нешта яшчэ. Да баршчу звычайна перацёртае са спецыямі сала. Да курынага булёну – блінчыкі.

Прыемна было наведаць рэстаран з сапраў­дным украінскім каларытам. Тут заўсёды іграе нацыянальная музыка. Можна заказаць знакаміты боршч у хлебе, накрыты хлебнай накрыўкай. Ён называецца “Перше причастя українця”. Сталовыя прыборы тут кладуць у саламяныя лапці.

Калі хочацца адпачыць ад катання на лыжах ці сноўбордзе, можна наведаць сноўбцюбінг – гэта спуск на надзьмутай камеры ўніз з гары. Каштуе 220 тысяч. Можна пракаціцца на сноўбайку. Таксама ёсць магчымасць сфатаграфавацца з сабакамі хаскі, цана – 200 тысяч, ці пастраляць ў ціры за 40 тысяч.

А калі зусім сумна, пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. Ці мне пашанцавала, ці гэта і сапраўды так, але яны падаліся вельмі гасціннымі. Выпадкова адзін з прадаўцоў, даведаўшыся, дзе я жыву, узрадавана ўсміхнуўся і пачаў распытваць пра Беларусь.