Год таму пасля 16-гадовага перапынку зноў працуе валожынская раённая арганізацыя грамадскай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў”.

Яе новы юрыдычны адрас: Івянец, вул. Беларуская, д. 3 (мясцовая бальніца). Старшынёй арганізацыі абралі івянчаніна Віктара Альгердавіча Субача.

Валожынская арганізацыя мае статус юрыдычнай асобы, мае рахунак у банку, пячатку, штампы і бланкі і працуе ў адпаведнасці са Статутам.

– Мы хочам зрабіць больш цікавым, простым і зручным жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, – гаворыць старшыня Валожынскай раённай арганізацыі інвалідаў Віктар Субач. – За той час, што дзейнічае наша арганізацыя, мы дапамаглі немалой колькасці інвалідаў.

Напрыклад, дапамаглі некаторым працаўладкавацца, некаторым дапамаглі атрымаць вазок, далі жыллё. Мы спадзяёмся, што атрымаецца сабраць вакол сябе крэатыўную каманду аднадумцаў.

Гаворка і пра сяброў арганізацыі, і пра тых, хто проста гатовы працягнуць руку дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу.

У сябры таварыства прымаюць інвалідаў усіх груп і катэгорый.

Мэты таварыства наступныя:

  • абараняць правы, свабоды і законныя інтарэсы сяброў і іх сямей, падтрымліваць па прававых пытаннях і аказваць юрыдычную дапамогу,
  • ствараць для інвалідаў роўныя з іншымі магчымасці ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця.

Беларускае таварыства інвалідаў сёння аб’ядноўвае больш за 67 тысяч чалавек.

Калі вы хочаце ўступіць у Валожынскую арганізацыю інвалідаў, звяртайцеся: (801772) 5-33-03, (801772) 5-15-12, (8029) 766-73-75.