Потым іх колькасць стала змяншацца. І навучальная ўстанова, якая ўжо звалася ліцэем, стала філіялам Вілейскага дзяржаўнага каледжа.
У апошнія гады работнікам застаецца толькі гадаць, што будзе з філіялам: закрыюць ці не. Як яно будзе сёлета?
Прычыны заняпаду
Калісьці ў Камарове вучылася моладзь з усяго рэгіёна, расказвае дырэктар Вілейскага каледжа Ігар Кіцікаў:
– Прыязджалі вучыцца з Літвы, шмат навучэнцаў было са Смаргоні, асабліва калі там пачалі заводы будавацца. Нават быў спецыяльны аўтобусны рэйс, які ў пятніцу забіраў навучэнцаў, а ў панядзелак прывозіў. Потым з’явілася граніца – літоўцаў не стала. У Смаргоні адкрылі вучылішча з падобнымі спецыяльнасцямі. Такім чынам, адсеклі смаргонскіх дзяцей. Паколькі ў нас цяпер прасцей паступіць у інстытуты, каледжы і ліцэі, сталі змагацца за кожнага вучня. Павысілася якасць навучання ў Пастаўскім каледжы, дзе падобныя спецыяльнасці. У выніку, калі раней у Камарова з’язджаліся навучэнцы з усяго рэгіёна, то частка яго закрылася, з іншых перасталі ездзіць.
Другое пытанне – гэта транспартныя шляхі.
– Камарова называю па-добраму, “мядзведжы куток”, – кажа дырэктар. – З аднаго боку – мяжа, чыгункі побач няма. Калі ў Вілейку на чыгунцы адусюль дабярэшся, то ў Камарова – толькі на аўтобусах. А гэта дорага.
Яшчэ адзін момант: вёска невялікая.
– Мясцовую гаспадарку далучылі да свірскай, закрылі школу. Там з забаў крама, пошта і парк. У выніку за пяць год, як далучылі да нас ліцэй, ніводнага маладога спецыяліста не атрымалася ў Камарова прывабіць, – дадае Ігар Кіцікаў.
Закрываць філіял збіраюцца не ў першы раз
Закрыццё ідзе гады тры з пераменным поспехам.
– Была прапанова тры гады таму закрыць філіял. Разам з калектывам адстаялі. Потым два гады таму – зноў адстаялі, – тлумачыць дырэктар. – Але справа ў тым, што на сёння засталося каля 50 навучэнцаў. Прычым, ля 40 у чэрвені выпускаюцца, застаюцца толькі 12. Бо ў апошнія два гады не набралі ніводнай групы. Было шэсць, 10 заявак, а трэба мінімум 15, а лепш 25-30.
Расходы на ўтрыманне філіяла вялізныя. Корпус разлічаны на 400 навучэнцаў, інтэрнат на 300. А атрымліваецца 60 работнікаў і 50 навучэнцаў.
У абласным ўпраўленні адукацыі падлічылі, што ўтрыманне аднаго навучэнца філіяла ў год каштуе 160 мільёнаў рублёў. А ў сярэднім па вобласці – 25-30 мільёнаў.
– Зыходзячы з таго, што на бліжэйшы час перспектыў няма, пакуль прынятае вуснае рашэнне на год закансерваваць навучальны працэс. Як яно будзе далей, пакуль нельга сказаць, – кажа Ігар Кіцікаў.
– Павінна застацца вучэбная гаспадарка, якая рэнтабельная. Ажыццяўляем там экалагічны праект. Выйгралі грант каля 18 тысяч еўра: з гною з дапамогай беларускіх чарвякоў будзем рабіць кампост. Будзе працаваць інтэрнат, паколькі там жыве шмат будаўнікоў АЭС. Вартаўнікі застануцца. Будынкі спрабуем па максімуму задзейнічаць: штосьці перададзена пад розныя аб’екты, штосьці ў арэндзе.
Што будзе з работнікамі і навучэнцамі
Скараціць давядзецца каля 30 чалавек, з іх 16 пенсіянераў.
– Астатнія шукаюць працу ў розных структурах. Але разумееце, з працоўнымі месцамі цяпер цяжка.
У Вілейцы правялі сход з бацькамі 12 дзяцей, пазнаёмілі іх з умовамі ў каледжы. Правялі анкетаванне.
– 90% згодныя, каб дзеці трэці курс давучыліся ў Вілейцы – з той умовай, што наша маршрутка будзе іх у нядзелю ці панядзелак забіраць, а ў пятніцу пасля абеду завозіць у Камарова, – кажа Ігар Кіцікаў. – Прытым, ім застанецца вучыцца да студзеня, а далей – практыка.
Можа, зрабіць прафілакторый?
Сваёй думкай падзяліўся краязнаўца з Камарова Іван Драўніцкі:
– Як пачала скарачацца колькасць навучэнцаў, работнікі пачалі хто дзе можа шукаць працу – разумелі, што да гэтага ідзе. Многія былі перадпенсійнага ўзросту. А маладзейшыя – некаторыя ездзяць на будаўніцтва АЭС, у нарачанскія здраўніцы, у Свірскі дом-інтэрнат.
Мая думка – пабудовы трэба перадаць іншай арганізацыі і зрабіць тут прафілакторый. Чаму? Найперш, тут пекнае месца, прыгожы парк, сажалкі, недалёка Блакітныя азёры. Па другое – ёсць дзве спартыўныя залы і выдатны стадыён, добрая кухня, інтэрнат, у класах можна парабіць кабінеты для працэдур.
Мажліва вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю і карміць не пакупным, а мясцовым – як пры Польшчы рабіў граф Старжынскі. У сажалкі запусціць рыбу – і будзе свая рыба. Пасадзіць клубніцы, як было пры пану, – будуць ягады і варэнне. І гэтак далей.
Даведка “РГ”. Свірскую школу механізацыі адкрылі ў Камарове ў 1940 годзе. За сем з лішкам дзесяцігоддзяў яна неаднойчы змяняла статус і назву. У 2000 годзе стала прафесійным сельскагаспадарчым ліцэем. За час існавання тут падрыхтавалі больш за 20 тысяч спецыялістаў.