Белстат апублікаваў падрабязныя дадзеныя даследавання наконт таго, як жыхары краіны размяркоўваюць свой час. У апытанні прымалі ўдзел беларусы, старэйшыя за дзесяць гадоў. Яны фіксавалі ў спецыяльны журнал свой графік дня: у колькі прачнуліся, у колькі паехалі на працу і гэтак далей.
Атрыманыя лічбы шмат у чым нагадваюць “сярэднюю тэмпературу па бальніцы”. Напрыклад, калі з дзвюх жанчын працуе толькі адна, атрымліваецца, што кожная з іх працуе па чатыры гадзіны.
Тым не менш, некаторыя цікавыя лічбы для аналізу ў даследаванні ёсць.
Размеркаванне часу ў мужчын
3. У камп’ютарныя гульні мужчыны гуляюць утрая часцей за жанчын. Фота telegraf.com.ua.
На сон ідзе 36,2% часу (8 гадзін 41 хвіліна). Тут і далей гэта сярэдняя лічба за ўсе дні тыдня – у выходныя ўдаецца паспаць на гадзіну больш, чым у будні.
Свабодны час складае каля 5 гадзін (21,3%), праца – каля 4 гадзін (16,7%). Нарэшце, на вядзенне хатняй гаспадаркі траціцца дзве з паловай гадзіны (9,5%).
Размеркаванне часу ў жанчын
Праца займае ў жанчын 11,6% часу. Фота ea.md.
У беларускіх жанчын прапорцыі істотна адрозніваюцца. Спяць яны прыблізна столькі ж – 36,5% часу.
Затое другім па папулярнасці заняткам з’яўляецца не праца, а хатняя гаспадарка. Гэтым жанчыны займаюцца 19,2% часу – больш за чатыры з паловай гадзіны. Толькі пасля ідуць свабодны час (17,8% часу) і праца (11,6%).
Як дзеліцца хатняя праца?
Надзвычай паказальна выглядае падзел хатняй працы па канкрэтных занятках.
Занятак |
Жанчыны |
Мужчыны |
Прыгатаванне ежы |
1 гадзіна 13 хвілін |
14 хвілін |
Мыццё посуду |
23 хвіліны |
4 хвіліны |
Уборка |
28 хвілін |
8 хвілін |
Бялізна, адзенне, абутак |
19 хвілін |
1 хвіліна |
Час з дзецьмі |
32 хвіліны |
11 хвілін |
Мужчыны “аддуваюцца” за дваіх толькі падчас рамонту і дагляду аўтамабіля – агулам 19 хвілін за дзень супраць 1 хвіліны ў жанчын.
Топ-7 канкрэтных фактаў і тэндэнцый
1. Беларускія мужчыны працуюць на паўтары гадзіны больш, чым жанчыны.
2. Свабоднага часу ў мужчын на 50 хвілін больш. Гэтыя “дадатковыя” хвіліны трацяцца перадусім на прагляд фільмаў ці тэлебачання.
3. У камп’ютарныя гульні мужчыны гуляюць утрая часцей за жанчын.
4. У сямейных парах хатняя праца дзеліцца паміж жонкай і мужам у прапорцыі 71/29.
5. Самыя забяспечаныя працуюць удвая больш за малазабяспечаных і спяць на гадзіну меней.
6. Падзел хатняй працы паміж мужчынамі і жанчынамі пачынаецца з дзяцінства. Ужо ва ўзросце 10-15 гадоў хлопчыкі ўдвая радзей мыюць посуд і прыбіраюць у доме.
7. У дзяцей адпачынак за камп’ютарам і тэлевізарам займае аднолькавую колькасць часу. У старэйшых пакаленняў фіксуецца адназначная перавага тэлевізара.
Паводле “Нашай Нівы”.