Якраз цяпер сезон на іх. Таму не прапусціце такую магчымасць і палячыць, і парадаваць свой арганізм. Вабяць яны да сябе, перш за ўсё, ранняй спеласцю. Калі іншыя ягады яшчэ цвітуць, то гэта прыгажуня напаўняе наш арганізм карыснымі рэчывамі. Якіх толькі вітамінаў і мінералаў няма ў іх!

Клубніцы добра ўплываюць на сістэму стрававання, паляпшаюць апетыт, валодаюць мачагонным і патагонным дзеяннем. Яны ачышчаюць арганізм, а дзякуючы ўтрыманню антыаксідантаў, замаруджваецца працэс старэння. Клубніцы здольныя “перамагчы” ўзбуджальнікаў розных кішачных інфекцый. Старажытныя рымляне выкарыстоўвалі сок і мякаць пладоў для свежасці дыхання і адбельвання зубоў. Французская рэвалюцыянерка мадам Тальен, якая стала прыбліжанай Напалеона, прымала ванны з пюрэ клубніц, лічачы, што тым самым прадаўжае сваю маладосць.

Карысны настой са свежых ягад. 2 сталовыя лыжкі спелых ягадаў заліце 200 мл крутога кіпеню, хай пастаяць 30 хвілін, працадзіце. Добра такім настоем паласкаць рот пры ангіне.

Адзіны недахоп гэтых ягадаў у тым, што яны моцны алерген. Але гэта толькі алергікам трэба быць асцярожнымі.

І не забывайце пра касметычны эфект: вазьміце спелую ягадку ды і намажце ёй твар на хвілін 15. Пасля змыйце цёплай вадой.

Клубнічны дэсерт

На адну порцыю спатрэбіцца 50 г свежых спелых ягад, 40 г вяршкоў, 10 г цукровай пудры, ванільны цукар.

Добра прамыйце ягады, прасушыце, Калі ёсць час, то хай яны высахнуць самі. Калі спяшаецеся, то прамакніце іх сурвэткай.

У міксеры ўзбіце папярэдне ахалоджаныя вяршкі. Калі іх аб’ём павялічыцца ў два разы, дадайце цукровую пудру і ваніль. Усю гэту смакату выкладзіце ў крэманкі. Спачатку клубніцы, а зверху вяршкі. Каб яны раўнамерна размеркаваліся на ягадах, скарыстайцеся кулінарным мяшэчкам.

Клубнічны карамболь

300 г клубніц, 3 сталовыя лыжкі карычневага цукру, 1 чайная лыжка крухмалу. Для прысыпкі: 30 г грэцкіх арэхаў, 30 г аўсяных шматкоў, 20 г мукі, 20 г масла і 20 г карычневага цукру.

Клубніцы памыйце, высушыце і парэжце ўздоўж на некалькі частак. Выкладзіце іх у загадзя падрыхтаваную міску. Пасыпце іх карычневым цукрам, пасля крухмалам. Усё перамяшайце. І раскладзіце ягады ў гарачатрывалыя формачкі.

Арэхі, шматкі, муку, масла і цукар здрабніце ў працэсары, каб атрымалася буйная крошка. Прысыпце кожную порцыю клубніц у формачках гэтым самым цестам. Можна трохі прыціснуць лыжкай. І стаўце клубніцы ў разагрэтую да 200 градусаў духоўку прыкладна на 25 хвілін. Есці гэту страву лепш гарачай.