Ніну Пілюзіну называюць адной з самых вядомых габеленшчыц Беларусі. Да 21 ліпеня з яе творчасцю можна пазнаёміцца ў Мядзельскім музеі народнай славы.

Праўда, тры габелены Ніны Пілюзінай наведнікі бачаць тут пастаянна –  ужо год з 30. У 1985 годзе яна ўвасобіла для музея мядзельскія паданні.

– Мне расказалі паданні, і я ўжо выбрала, якія мяне зацікавілі. Зрабіла малюнак, падабрала ніткі. Гэта быў заказ, і па маім малюнку габелены выканалі на Барысаўскім камбінаце, – прыгадвае.

Прызнаецца творца, што праца над габеленам – доўгая і карпатлівая: год і больш можа пайсці, пакуль завяршыш яго.

 Мастачка Ніна Пілюзіна расказвае пра стварэнне габеленаў.

Мастачка Ніна Пілюзіна расказвае пра стварэнне габеленаў.

Што галоўнае у стварэнні габеленаў?

– Галоўнае, як і ва ўсялякім мастацтве, – гэта ідэя. Калі яе няма, калі не адчуваеш тое, што ты робіш, то яно і будзе такім нецікавым. Бо калі яно табе нецікава, то і іншым таксама.

На выставе Ніна Пілюзіна прадставіла каля 50 прац. Апроч габеленаў, на выставе можна пабачыць батык – роспіс на шоўку. Творы такія пяшчотныя, бязважкія.

– Такія, як мая душа, – усміхаецца мастачка.

Вы займаецеся габеленамі, батыкам і акварэллю. Што найбольш цікава ў гэты момант жыцця?

–  Мне ўсё цікава. Таму што ад працы над габеленам так стамляешся, бо гэта марудна, доўга, укладаеш шмат сіл і часу, і потым хочацца пабыць на прыродзе. Адкуль жа ўсе сілы нашы: ад зямлі, ад прыроды. І акварэллю пішу, бо ўсё адно дапаўняе.

Карціны Ніны Пілюзінай.

Карціны Ніны Пілюзінай.

Даведка “РГ”. Ніна Пілюзіна – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за цыкл габеленаў для Палаца Рэспублікі, яе творы захоўваюцца ў музеях нашай краіны, Расіі, Украіны, Польшчы, прыватных зборах і калекцыях. Кіравала працай над копіяй ўнікальнага габелена 17 стагоддзя для Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля.

Нарадзілася ў 1944 годзе. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў вёсцы Доўгавічы  на Мсціслаўшчыне. Скончыла Глебаўскую мастацкую вучэльню і тэатральна-мастацкі інстытут. Жыве ў Ратамцы на Міншчыне.