Вось здаецца: дзе французскі паэт, дзеяч еўрапейскага авангарда пачатку 20 стагоддзя Гіём Апалінэр, а дзе Астравец?.. Але, але…

Але ў 19 стагоддзі ўладальнікамі астравецкага маёнтка былі Кастравіцкія і Жылінскія, з якіх якраз і паходзіў згаданы французскі паэт. Дзед Апалінэра эміграваў у Італію ў другой палове 19 стагоддзя, таму паэт  нарадзіўся ў Рыме ў 1880 годзе.

Але пра сваю прыналежнасць да роду Кастравіцкіх не забываў, пра што сведчыць яго поўнае імя – Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінарый Вонж-Кастравіцкі.

Беларускі празаік Карусь Каганец, які таксама тварыў у канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя, быў стрыечным дзядзькам француза.

1. Выдавецкая справа развівалася ў Астравецкім раёне яшчэ ў канцы 16 стагоддзя. Выдавец Ян Абрамовіч (? – 1602)  валодаў  маёнткам Варняны.  Ён стварыў працу, якая б для некаторых была цікавай і сёння, бо гэта  своеасаблівы дапаможнік для бізнесоўцаў  –    “Погляды ліцвіна на набыццё таннага збожжа і продажу яго даражэй”.

2. У вёсцы Міхалішкі нарадзіўся Цыпрыян Бжастоўскі (1612–1688), дыпламат і мемуарыст.

Фота skyscrapercity.com.

Фота skyscrapercity.com.

3. Натхняла людзей на творчасць Астравеччына і ў канцы 19 – першай палове 20 стагоддзя. Крытык і публіцыст Альгерд Бульба з вёскі Антонішкі пісаў карэспандэнцыю ў газету “Наша ніва”.

У вёсцы Вартачы нарадзіўся яўрэйскі пісьменнік Майсей Тайц (1882-1935). Вершы і апавяданні ён пісаў на ідыш і шмат выдаваўся ў Маскве.

Вёска Лакцяны з’яўляецца радзімай Янкі Быліны (сапр. Іван Семашкевіч) (1883-1956) – паэта, драматурга, перакладчыка рэлігійнай літаратуры.

4.  Асобна хочацца сказаць пра ўраджэнцаў і жыхароў Астравеччыны –  братоў Стаповічаў. Старэйшы, Канстанцін, (1890-1926) з вёскі Барані вядомы як літаратар Казімір Сваяк. Збіраў і вывучаў мясцовы  фальклор,  актыўна друкаваўся, пісаў вершы, апавяданні, эсэ, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы, драматычныя творы, настаўнічаў на Астравеччыне. Да ўсяго быў каталіцкім святаром і вёў набажэнствы на беларускай мове. Сёння на хаце, дзе нарадзіўся Казімір Сваяк, усталяваная мемарыяльная дошка.

Малодшы брат, Альбін Стаповіч, (1894-1934) праявіў сябе  ў публіцыстыцы і літаратуразнаўстве, а таксама як прафесійны музыкант. Скончыўшы кансерваторыю ў Вільні, кіраваў беларускім хорам пры віленскім касцёле святога Мікалая.

Стары млын на Астравеччыне. Фота fotobel.by.

Стары млын на Астравеччыне. Фота fotobel.by.

5. Кац Менке (1906-1991) –  яўрэйскі  і амерыканскі паэт, нарадзіўся і жыў у дзяцінстве ў Астравецкім раёне.  У 1920 годзе выехаў у ЗША. Ад пачатку 1920-х гадоў друкаваўся ў яўрэйскіх газетах ЗША.

6. У вёсцы Слабодка нарадзіўся і пахаваны польскі і беларускі пісьменнік Уладзіслаў Струміла (1949 – 1969).

7. Годныя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, у другой палове 20 стагоддзя працягнулі Рычард Бялячыц, нара­дзіўся ў 1953 годзе у вёсцы Стаўбуры, вядомы як журналіст і паэт; Ян Цехановіч, нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Варняны, – польскі эсэіст, публіцыст, аўтар шэрагу навуковых прац.

8. У вёсцы Расолы ў 1932 годзе нарадзіўся прафесар, доктар філалагічных навук, крытык, празаік, публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа Адам Мальдзіс,  які не раз станавіўся героем публікацый “РГ”.

9. У розныя часы на Астравеччыне бывалі беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч, які прысвяціў гэтым мясцінам некаторыя свае творы, польскія літаратары нобелеўскі лаўрэат Генрык Сянкевіч і Мечыслаў Яцкевіч.

Астравец. Фота fotobel.by.

Астравец. Фота fotobel.by.

10. Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Мятліцкі мае лецішча на Астравеччыне, і гэты куток натхняе яго на напісанне новых вершаў.

11. Сёння ў Астраўцы дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Астравецкай зямлі галасы”, створанае журналісткай, празаікам, галоўным рэдактарам газеты “Астравецкая праўда”, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі  Нінай Рыбік. Цяпер аб’яднаннем кіруе Людміла Кухарэвіч, а актыўны ўдзел у яго дзейнасці прымаюць Марыя Пешка, Святлана Бацюлева, Капіталіна Пятроў­ская, Таццяна Граб­­­­ле­ў­­­ская, Аляксандр Марозаў, Таццяна Радкевіч і іншыя.

12. У 2008 годзе выйшаў калектыўны зборнік паэзіі і прозы літаратараў Астравеччыны пад назвай “Астравецкай зямлі галасы” (укладанне Ніны Рыбік, прадмова Адама Мальдзіса).

13. У Астравецкім раёне сёння  працуюць 19 бібліятэк, а чытачоў у іх на 1 студзеня 2016 года зарэгістравана 13 999.

Станіслаў Валодзька

Станіслаў Віктаравіч Валодзька  нарадзіўся 11 лістапада 1956 года ў вёсцы Падольцы Астравецкага раёна ў сям’і селяніна-аднаасобніка.

У 1974 годзе скончыў Жукойніцкую школу. Пасля была служба ў войску і праца на чыгунцы. У 1987 годзе скончыў філфак БДУ. Друкуецца ў беларускім і латвійскім друку. Творы публікаваліся ў Англіі, Поль­шчы, Расіі і на Украіне, гучалі на радыё і ТБ.  Аўтар кніг  паэзіі “У вачах Айчыны”, “Обращение к сердцу”, “Памяці гаючая трава”, кніг для дзяцей “Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алежкі”, “Калі ласка, казка”, ”Бусинки”, “Чудесный котик”, “Сокровища”.  Вершы друкаваліся ў шэрагу калектыўных зборнікаў, у кнігах серыі ЖЗЛБ, латвійскіх падручніках “Русское слово” і “Русский язык”. На вершы  напісаны шэраг песень кампазітарамі Латвіі і Беларусі.

Стаяў ля вытокаў беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Унёс значную лепту ў стварэнне Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, нагрудным знакам Мінкультуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў i памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай пісьменніцкай арганізацыі Латвіі, Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў Латвіі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў.

Жыве ў латвійскім горадзе Даўгаўпілсе.  Жанаты, мае сыноў Алега і Антона.

Літпарада ад Станіслава Валодзькі

Якія парады можна даць чалавеку, які ўзяўся за пяро і марыць стаць паэтам? Галоўнае, што нарадзілася гэта мара, вялікая мара.

Яна ўзмацняе любоў да бліжніх, роднай прыроды, Бацькаўшчыны, яна абуджае любоў да паэтычнага слова і пабуджае да напружанай працы над сабой і над словам… 

Фота mobilmusic.ru.

Фота mobilmusic.ru.

Зямлячцы
                                   М – і

Заззялі ласкай неба вочы,
Што часта хмурымі былі,
Як на чужыне нас аднойчы
Зямныя лініі звялі.

І зараз разам мы парою
Глядзім, як шле радзіма нам
Лісты-аблокі,
Дзе з табою
Туліла нас рака адна.

Вялікі лес адзін і той жа
Падносіў нам свае дары.
Ў адным і тым жа храме Божым
Нас прычашчаў святар стары.

Вунь зорка ў тым баку маячыць,
Акенцам вабіць нас здаля.
– Мне Бог паслаў цябе, зямлячка!
– З табой мне свет мілей, зямляк!

Спяшым паклон аддаць з любоўю,
Што ўзгадавала нас, зямлі.
І ўдзячны краю, дзе з табою
Жыцця дарогі нас звялі.

Фота flowerf.ru.

Фота flowerf.ru.

Ігнасеў сад

З маленства помню сад Iгнасеў
На ўскрайку вёскi,
Што застаўся
Як напамiнак аб тым часе,
Як раскулачвалi Iгнася.

Кулак, – не фiга быў,
За тое
Ў Сiбiр вывозiлi сям’ёю.
I гэты сад заломваў рукi
I лiсцем гнаўся ўслед за ёю…

Асiрацелы сад Iгнасеў
Год колькi ўдалеч углядаўся,
Жагнаўся часам,
Ды нiкога
З iх так ён i не дачакаўся…

Любiў гуляць я ў гэтым садзе.
Стары ён мне насустрач гнуўся,
Па галаве малога гладзiў,
Як я да яблыкаў цягнуўся…

Я i нядаўна быў зайшоўся:
– Ну як ты жыў-здароў? – спытаўся.
Зноў пачастунак мне знайшоўся,
Ды штосьцi яблык даўкiм здаўся…

Фота interfax.by.

Фота interfax.by.

Родная мова

З родным краем рад сустрэчы,
Наглядзецца не магу,
Як лугі дзяцінства рэчку
Берагамі берагуць.

І звініць, як гэта рэчка,
Мова матчына, журчыць.
Так і нам – удзячна, вечна
Мову продкаў берагчы.

Гэты скарб вялікі самы, –
Не бывае даражэй.
Бо заўжды і нас таксама
Наша мова беражэ…

Часлава Сідарэвіч

Часлава Віктараўна Сідарэвіч (Гражуль-Гульбінская да замужжа) нарадзілася і вырасла ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёна ў вялікай дружнай сям’і. Скончыла Альхоўскую сярэднюю школу.

Паступіла, на той час, у Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага на факультэт “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”.  Пасля заканчэння 20 гадоў працавала настаўніцай пачатковах класаў  у роднай школе.

Цяпер працуе намесніцай загадчыка ў альхоўскім  дзіцячым садзе. Замужам.  Выхоўвае траіх  дзяцей. Любіць падарожнічаць. Падтрымлівае здаровы лад жыцця.

Фота supernao.ru.

Фота supernao.ru.

                   ***
У каханні хачу прызнацца,
Не гаворачы лішніх слоў.
Спадзяюся, не будзеш смяяцца,
Скарыстаю я некалькі моў.

Мовай позіркаў і дакрананняў,
Мовай подыхаў і хады
Абмяжую я слоў апантанасць,
Ў рот узяўшы глыток вады.

Цішынёй навакольнай пацверджу
Сваю сціпласць і неспакой,
А гарэзлівым ветрыкам свежым
Я запэўню: “Хачу быць з табой!”

Фота ihappymama.ru.

Фота ihappymama.ru.

Сэнс жыцця   

Сэнс жыцця для жанчыны – у дзецях,
Для мужчыны – ў каханай сваёй,
А для моладзі  –  ў марах, паверце,  
Каб узняцца вышэй над зямлёй.

Ў перамогах чарговых спартсмены
Бачаць новыя мэты жыцця.
А вандроўнік шукае, напэўна,
Шлях да новых краін адкрыцця.

Але хтосьці жыве бессэнсоўна,
Перакрэсліўшы тым увесь свет.
Пасля іх на зямлі мы ці знойдзем
Хоць адзіны карысны след.

Сэнс жыцця для жанчыны – у  дзецях?
Для дзяцей – у вясёлай гульні?..
Я не ведаю, бо на свеце
Вельмі розныя, людзі, мы.

Фота huffingtonpost.com.

Фота huffingtonpost.com.

Прызнанні

– Ты для мяне дар божы! А я для цябе?

– Не меншы.Твае зялёныя вочы я цалаваў першы.

– Ты для мяне – бляск уночы. А я для цябе?

– Не меншы. Я побач з табою крочу і ведаю:  не слабейшы.

– Ты для мяне –  крыніца. Ведай і будзь шчырым.

– Шчасце з табой мне сніцца. Толькі з табой шчаслівы!