Ад 13 да 19 чэрвеня патанулі тры жыхары рэгіёна.
Першае здарэнне адбылося 14 чэрвеня на беразе Вілейскага вадасховішча.
26-гадовы мужчына разам з сябрамі адзначаў дзень нараджэння. У аднаго чалавека быў гідрацыкл. Імяніннік папрасіў пракаціцца.
Гаспадар ведаў, што сябар не мае досведу, таму паехаў з ім у якасці пасажыра. Падчас рэзкага манеўру мужчыны перакуліся.
Але на руцэ кіроўцы быў замацаваны ключ запальвання, таму гідрацыкл не заглух і не сплыў з месца здарэння. Мужчыны залезлі на гідрацыкл, бо ён не рухаўся, і працягнулі прагулку.
Падчас рэзкага манеўру зноў аказаліся ў вадзе. На гэты раз ключ застаўся ў запальванні, рухавік гідрацыкла працягваў працаваць. Пасажырам не ўдалося злавіць гідрацыкл, вырашылі плысці. Аднак сіл у аднаго з мужчын не хапіла, каб даплысці да берага.
Вырашыў прагуляцца па беразе, упаў і патануў
17 чэрвеня на забароненых для купання кар’ерах побач з вёскай Міхневічы на Смаргоншчыне адпачывала кампанія. Выпівалі, весяліліся, аднаго з маладзёнаў усё цягнула ў ваду. На наступны дзень цела 17-гадовага юнака знайшлі у 20 метрах ад берага.
18 чэрвеня кампанія калег адпачывала ў вёсцы Белева на Маладзечаншчыне побач з сажалкамі. Вечарам, калі збіраліся дамоў, не знайшлі аднаго чалавека, вырашылі, што той паехаў у горад раней. На раніцу пачалі шукаць зніклага і знайшлі паўраспранутае цела ў вадзе, недалёка ад берагу.
Па папярэдняй версіі, 46-гадовы мужчына пайшоў прагуляцца па беразе, упаў і патануў. Са слоў калег, у яго былі праблемы з сэрцам.
Таварыства выратавання на водах нагадвае, што нельга купацца ў забароненых месцах, у нецвярозым стане. Выконвайце меры перасцярогі падчас купання.