Маладзечанка Наталля Сяргей вось ужо два гады катаецца на ўласным матацыкле. Яе пракацілі з ветрыкам у пяць гадоў, і з таго часу ёй хацелася ездзіць самой, хоць правы на кіраванне атрымала толькі ў 39. Гаворым пра навучанне і першыя паездкі, прыцірку на дарозе і размовы з бацькамі. Перажываем страхі і ловім мурашак, якія бягуць ад эйфарыі, калі Наталля перадае самыя моцныя ўражанні.

На сустрэчу Наталля прыязджае ў рваных джынсах. На вуліцы цёпла, градусаў 18. Наталля кажа, што “ў скуры” сёння было б занадта горача. У мотаэкіпіроўцы камфортна ехаць, але ў кавярні доўга не выседзіш.

Мы ў кавярні. Яна замаўляе латэ і ваду. Скардзіцца, што складана прывучыць сябе піць яе ўвесь час: сілы волі хапае на многае, але не на гэта. Бацька здолеў выхаваць у ёй мэтанакіраванасць. З ім Наталлі было цікава: ён круціў гайкі, і яна побач круціла. І вось праз шмат гадоў яна ўрэшце ездзіць на сваім матацыкле. Заўважае, што байк – не для працы, а для адпачынку. Перш чым ехаць, яго трэба хвілін 5-10 праграваць. Яго ж уладальніца ў будні звычайна спяшаецца і не паспявае, таму выручае аўтамабіль.

– Вырашыла здаць на правы на аўто, калі была ў дэкрэце. Мне так хацелася ездзіць! Я клала сына Уладзіслава спаць, садзілася ў машыну і ўяўляла, як еду. Здала з першага разу, у 2002 годзе. Мне інструктар казаў: “Наташа, ідзі далей вучыцца, будзеш у нас працаваць”, – гаворыць наша гераіня.

І сапраўды, усё магло б атрымацца, калі б яна захацела. Наталля тэхнікі не баіцца. Кажа, калі б пасадзілі кіраваць фурай, справілася б. Але тэхніка – не адзінае захапленне ў яе жыцці. Больш за 20 гадоў Наталля працуе цырульніцай, прафесію сваю любіць. Байкеры часцяком прыязджаюць да яе стрыгчыся.

Хлопцы збіраліся паглядзець, як Наталля ездзіць

Хоць правы на кіраванне матацыклам у Наталлі з’явіліся толькі ў 39, яна ездзіла і раней. Яшчэ па маладосці, у 90-я, на байку будучага мужа. Разам з сябрамі раз’язджалі па Беларусі, адпачывалі на азёрах.

Потым гэта ўсё забылася-закінулася, байк прадаўся, бо трэба былі грошы на вяселле, але жаданне ездзіць не знікла. Першыя заняткі па кіраванні матацыклам Наталля добра памятае.

– Выкацілі стары, заезджаны матацыкл “Мінск”. Сама завесці яго не змагла, прасіла дапамогі, – пачынае распавядаць Наталля. – Затое як села – усё адразу ўзгадала, быццам учора ездзіла. Першы час правая нага так хадуном хадзіла, што я яе да баку прыціскала. Хвалявалася, начамі не спала. Калі раніцай прыязджала вучыцца, вакол хлопцы збіраліся на мяне паглядзець, як на цуд нейкі. Неяк прыйшла, а мне інструктар кажа: “Давай у гэту суботу будзеш здаваць”. Я разгубілася, васьмёрку круціць і ўсё астатняе – не проста. Трэба трымаць раўнавагу, глядзець не на кола матацыкла, а на некалькі крокаў наперад. У суботу прыйшла здаваць. Разам са мной разлічвалі атрымаць правы яшчэ некалькі маладых хлопцаў. Уяўляеце, яны не здалі, а я здала. Да мяне падышоў інспектар, што прымаў экзамен, паціснуў руку і сказаў: “Малайчына”.

Матацыкл прыплыў з Тэхаса

Выбраць матацыкл Наталлі дапамог яе даўні сябар Жэня, з якім знаёмая са школьнай парты.

– Мы з ім разам ездзілі ў 90-я. У нас з маім хлопцам была “Ява”, у яго – “Панонія”. Уяўляеце, які разгон у “Явы”, а які – у “Паноніі”? Мы даязджалі да Нарачы, а ён быў яшчэ на паўдарозе, – узгадвае Наталля свае прыгоды.

Яны з Жэнем знайшлі матацыкл на амерыканскім сайце. Байк плыў з Тэхаса на пароме два з паловай месяцы. Наталля ўсю зіму нікому не гаварыла пра пакупку, на якую некалькі гадоў збірала грошы. Амуніцыя – каля 1 000 долараў. Байк – амаль 4 000 долараў. Ён не новы, выпушчаны напрыканцы 90-х, але папярэднія гаспадары яго так песцілі, што той прыплыў з этыкеткамі. Наталля таксама даглядае, таму байк і сёння выглядае як новы.

– Летась на стаянцы побач стаялі аўто і матацыкл. Я падыходзіла да машыны і размаўляла з ёй: “Не крыўдуй, калі ласка, я сёння на матацыкле паеду, мне вельмі хочацца”. Шкадую сваю тэхніку. Сёння так рада была бачыць свой байк, што аж пацалавала яго, – прызнаецца гераіня.

Год не гаварыла маці пра байк

– Упершыню мяне пасадзілі на байк у пяць гадоў. Тата. Ён адрамантаваў матацыкл і вырашыў мяне “ўціхую” пракаціць. Спытаўся: “Дачушка, паедзеш?”. Я адказала: “Паеду”. Спачатку каталіся па ваколіцах. Потым ён вырашыў выехаць на трасу. Ну, а там даў газу так, што замест лесу былі бачныя чорныя палосы. Ён мне: “Не страшна?”. Я яму: “Не страшна”. “Хутчэй?” “Хутчэй”. За намі гналася міліцыя, тату далі штраф. Затое паездка запомнілася на ўсё жыццё, – упэўнівае Наталля.

Калі бацька Вячаслаў Віктаравіч дазнаўся, што дачка здала на правы і набыла матацыкл, заганарыўся і спытаўся, ці дасць яна яму пакатацца. Не дасць: занадта раўніва ставіцца да свайго двухколага сябра. Але пракаціць гатовая, толькі яшчэ патрэніруецца.

Маці Раісе Аляксандраўне пра сваю доўгачаканую пакупку Наталля распавяла толькі праз год.

– Уяўляеце, у 39 гадоў я баялася сказаць маці, што езджу на байку. Такое строгае ў мяне выхаванне, – шчыра распавядае гераіня. – У нас планаваўся парад, і я вырашыла запрасіць яе і сказаць усё, як ёсць. Прыйшла да яе: “Мам, я хачу запрасіць цябе да нас на парад”. Яна: “Дык а ты з кімсьці паедзеш? На машыне ці як?” “Мам, я хачу табе сказаць праўду. Я паеду на матацыкле”. “Сама? А хто табе дасць?” “Мам, я здала на правы і буду ехаць на сваім матацыкле”. Вы б бачылі маю маму… Яна скакала ад радасці! “У цябе ёсць матацыкл! Чаму ты мне не сказала?” У дзень парада да калоны ляціць мая маці са шлемам. Думала, што я яе павязу. Колькі калона ехала, столькі яна ішла за намі следам. Яна была такая шчаслівая!

Ад пачатку ведаў пра пакупку сын Уладзіслаў, якому цяпер 15 гадоў. Яму байк таксама па душы, толькі не часта выпадае на ім ездзіць.

– Важу яго толькі па горадзе і толькі з мінулага года. Ён, натуральна, ад язды ў захапленні:

“Мамуля, ты ў мяне самая лепшая”. Летась, калі адвезла яго на 1 верасня ў школу, у яго выступілі слёзы радасці: “Мам, ты ў мяне такая крутая”. Ён цяпер не можа дачакацца, калі я зноў пачну яго вазіць хаця б у школу. Калі ён раптам таксама захоча кіраваць матацыклам, я буду толькі рада. Не спартыўным матацыклам, а больш цяжкім, як у мяне. Гэта больш бяспечна, – кажа Наталля.

Нечаканасці на дарозе

З першай паездкі па горадзе нічога добрага не выйшла, але для Наталлі гэта нагода ўсміхнуцца. Доўгі час пасля таго як атрымала правы на кіраванне матацыклам, разам з Жэнем каталася за горадам. Трэба было перабірацца ў горад.

– І вось Т-падобнае скрыжаванне. Закон подласці: аўтамабілі з усіх бакоў. Нам трэба было прапускаць, але бакавыя машыны былі далекавата, і Жэня паспеў праскочыць. Мне давялося тармазіць, я забыла пераключыць перадачу, і матацыкл заглух. Шукаю нагой нейтральную і не магу знайсці. Жэня назірае за гэтай карцінай. Я з горам напалову знайшла і крычу яму: “Жэня, першая – уніз ці ўверх?” Машын ужо назбіралася шмат, усе стаяць, чакаюць. Ён хапаецца за галаву, кідае свой матацыкл, падбягае, бачыць мае шалёныя вочы і кажа: “Наташа, вочы баяцца, рукі робяць. Першая – уніз”. Я прачнулася: “А, ну, добра”. Ад’ехалі, спыніліся. Ён: “Наташа, ты вось тут пад мостам пачакай, я зараз хуценька па справах з’езджу і мы яшчэ круг вакол горада зробім”, – распавядае гераіня.

Першы час Наталля на дарозе ўвогуле ціснулася да абочыны. Ехала з хуткасцю 40-50 кіламетраў. Гэта цяпер яна едзе ў патоку, каб нікому не замінаць. На думку Наталлі, чаго не хапае на беларускіх дарогах, дык гэта павагі. Яна не выгароджвае матацыклістаў, а звяртаецца да ўсіх: і да байкераў, і да пешаходаў, і да кіроўцаў аўто.

– Пяць гадзін вечара, час пробак, еду. Я магла б на матацыкле паміж машын праціснуцца наперад, але рухалася, як належыць, у калоне. Да святлафора заставалася адлегласць як на дзве машыны. Гарыць чырвоны, не бачу сэнсу пад’язджаць. Думаю: загарыцца зялёны – пад’еду. На матацыкле гэта хутка. І тут аўтобус, які за мной стаяў, пасігналіў так, што ледзьве не звалілася з таго матацыкла. Вы ўяўляеце, як сігналіць аўтобус? – узнімае бровы Наталля.

На першым байкерскім злёце плакала

На злёты Наталля ездзіла яшчэ да таго, як атрымала правы. Альбо на машыне, альбо садзілася з кімсьці на байк. На першы свой злёт у Брэст ехала ззаду на матацыкле.

– На парадзе я плакала ад эйфарыі, ад эмоцый. Вось зараз гавару – і адчуваю, як бягуць мурашкі. Тады сама сабе падумала: я павінна навучыцца, я гэтага хачу, – узрушаецца Наталля.

Цяпер яна наведвае злёты ўжо на сваім матацыкле, жанчынам, якіх там шмат, – бясплатна.

Ёсць пэўныя прывілеі і проста на дарозе. Хоць валасы Наталля хавае, бо аднойчы збіла такі каўтун, што давялося адразаць, камусьці ўсё ж удаецца разгледзець на байку жанчыну. Тады на тварах кіроўцаў з’яўляецца захапленне, усмешкі, часам нават саступаюць дарогу.

“Нежаночая гэта справа”?

Да стэрэатыпаў пра “жаночае” і “нежаночае” Наталля ставіцца крытычна.

– Хто прыдумаў, што жанчына павінна стаяць каля пліты? Калі жанчына таксама працуе, чаму мужчына не можа гэтага рабіць? Камусьці, канешне, гэта падабаецца, а хтосьці з гэтым змагаецца, – абураецца Наталля.

Яна імкнецца да моладзі, не глядзіць на свой узрост. Часам у яе пытаюцца: “Ты што, да старасці будзеш ездзіць?” І яна адказвае: “Буду. Жыццё адно”. Наталля шкадуе жанчын, у якіх толькі праца і дом. І ўвогуле, не любіць слова “жанчына”. Альбо “дзяўчына”, альбо “лэдзі”, толькі так.