Белстат апублікаваў дадзеныя аб колькасці асноўных відаў паляўнічых жывёл. Каго ў беларускіх лясах паболела, а каго паменела?

Найбольшая папуляцыя ў зайцаў – іх 159 тысяч (прырост за год 7 тысяч). Услед ідуць вавёркі – 118 тысяч (+16 тысяч).

Амаль аднолькавая колькасць казуляў (75 тысяч, +3 тысячы) і баброў (72 тысячы, +9 тысячы).

Расце і колькасць ласёў. Іх цяпер 32 тысячы (+2 тысячы). Прыблізна столькі ж развялося андатраў (30 тысяч) і лісаў (27 тысяч).

А вось дзікоў, якіх некалькі гадоў таму, да пачатку эпідэміі свіной чумы, было каля 80 тысяч, цяпер засталося толькі 8 тысяч.

Але найбольш за год пацярпела папуляцыя мядзведзяў. У папярэднія гады ў Беларусі фіксавалася 110-120 асобін, а летась засталося 20 мядзведзяў. У Белстаце запэўнілі, што гэта не абдрукоўка, а праўдзівыя звесткі.

Ягор Марціновіч, “Наша Ніва”.