Адна з кліентак аўтамыйкі, сама таго не ведаючы, прывезла пад капотам маленькае кацяня. Цяпер яно – талісман аўтамыйкі. 

Гісторыя здарылася ў адзін звычайны працоўны дзень на аўтамыйцы, калі туды прыехала кліентка на машыне “Пежо”.

Калі хлопцы, работнікі мыйкі, сталі паліваць аўто вадой, пачулі з-пад капота енк кацяняці.

Адкрылі капот, дасталі маленькае, худзенькае, карэлае і перапалоханае кацяня.

– Мы ваша кацяня знайшлі пад капотам, – звярнуліся хлопцы да сваёй кліенткі.

– Яно не маё, – разгубілася жанчына. – Я не ведаю, што з ім рабіць. Можа, пакінеце сабе? Мне яно не патрэбнае, – сказала жанчына і з’ехала з мыйкі, пакінуўшы хлопцам гэтага гадаванца.

– Нават пытанняў не ўзнікла, што з ім рабіць, – распавядае ўладальнік мыйкі Аляксандр Казлоў, – пакінулі сабе.  І раз прыехаў на “Пежо”, то і мянушку атрымаў Пыжык. А што, стане цяпер талісманам. Ведаеце, усе кліенты, што прыязджаюць на мыйку, з замілаваннем на яго глядзяць – ой, які ў вас коцік, кажуць.  Хай жыве. Уладкуем на работу вартаўніком, – смяецца Аляксандр.