Упрыгожыў Івянец мастак з менскай арт-студыі ТАКТАК – Алесь KONTRA. Чаму паліклініка? Прадстаўнікі Аховы Птушак Бацькаўшчыны, адказныя за рэалізацыю ініцыятывы “Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму”  ў Валожынскім раёне, выбралі менавіта гэты будынак і з-за фасада, і з-за размяшчэння. Паліклініка знаходзіцца амаль у цэнтры населенага пункта, і ўдалае месцазнаходжанне дазволіць убачыць малюнак вялікай колькасці мясцовых жыхароў, а таксама турыстам.

 Мясцовы жыхар Івянца Павел Танковіч ужо ацаніў птушку-суседа і лічыць з’яўленне графіці важнай падзеяй для гарадскога пасёлка.

–  Я лічу, што такая ініцыятыва зверне ўвагу насельніцтва на праблемы аховы птушак у нашым рэгіёне і паспрыяе паляпшэнню сітуацыі хаця б на лакальным узроўні. Таксама спадзяюся, што нанясенне графіці ў Івянцы падштурхне моладзь да вывучэння прыроднага багацця нашай краіны І навучыць больш цаніць тую прыгажосць, якая нас атачае.

У хуткім часе ў Валожыне з’явіцца скульптура зімародка. Плануецца, што зімародак будзе “жыць” у адным з маляўнічых месцаў недалёка ад цэнтра горада. Дарэчы, гэта не першая скульптура птушкі, якая з’явіцца ў Беларусі: бронзавы кулік -марадунка ўжо ёсць у Тураве, а ў Баранавічах – верабей.

Акрамя гэтага, хутка ў рамках праекта працягнецца серыя майстар-класаў для рамеснікаў і зацікаўленых жыхароў раёна, правядзенне якіх ужо пачалося ў чэрвені. Падчас першага рамеснага майстар-класа ўдзельнікі рабілі сувеніры з птушкай раёна з лямца, на наступным, які пройдзе на пачатку ліпеня ў Валожыне, будуць ляпіць зімародка з палімернай гліны. А для ўладальнікаў аграсядзібаў будуць праведзеныя семінары, на якіх людзей навучаць арганізоўваць прыродныя экскурсіі ў сваёй мясцовасці.

Нагадаем, што зімародак – першая птушка-сімвал раёна, абраная ў Беларусі з дапамогай галасавання мясцовых жыхароў. Гэта знакавы від  для Валожыншчыны, бо менавіта ў Налібоцкай пушчы зарэгістравана каля 40 пар гэтай яркай птушкі. Спецыялісты-арнітолагі спадзяюцца, што трапяткое стаўленне да зімародкаў дапаможа зберагчы і павялічыць папуляцыю ў Валожынскім раёне.