Трэці міжнародны адкрыты форум “Гарадок і яго суседзі: традыцыя, культура і памяць аб трагедыі”, прысвечаны 75-м угодкам пачатку Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся 22 чэрвеня.

Дзень быў насычаны сустрэчамі, гасцямі і мерапрыемствамі.

Удзельнікі суполкі “Сябры Гарадка”, прадстаўнікі ўладаў, Гістарычная майстэрня Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау, Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак, міжнародны фонд “Узаемаразуменне”  трэці год запар 22 чэрвеня знаходзяць час, каб прыехаць у гэтае, цяпер невялічкае мястэчка, каб успомніць, аддаць даніну памяці тым, хто калісьці тут жыў і каго ў адзін дзень, 11 ліпеня 1942 года, прывялі на плошчу Гарадка, каб ужо ніколі не вярнуцца дадому.

Форум, што прахо­дзіць у Гарадку, заўсёды насычаны на падзеі. Гэты год таксама не стаў выключэннем.

Пачалася раніца з урачыстага мітынгу, затым госці ўсклалі кветкі да помніка загінулым у гады вайны, да помніка ахвярам гарадоцкага гета.

Адметнай падзеяй у сёлетнім форуме стала адкрыццё Знака памяці памятных месцаў Гарадка.

Зрабілі і адкрылі яе намаганнямі суполкі “Сябры Гарадка”, якія доўгі час займаюцца тым, што адшукваюць фотаздымкі, дакументы.

На стэндзе размясцілася карта з 16 славутасцямі Гарадка, якія можна пабачыць на свае вочы.

Цікава было назіраць за тым, як да стэнда падышла мясцовая жыхарка Валянціна Мяцеліца і, паказваючы пальцам на стары даваенны фотаздымак, з лёгкасцю называла тых, хто на ім сфатаграфаваны.

Прадстаўніца адукацыйных праграм Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау Беатрыс Петцольд распавяла “Рэгіянальнай газеце”, што па-асабліваму ставіцца да гэтага мястэчка Гарадок.

– Вы, беларусы, прывыклі, што ў вас шмат такіх прыгожых гістарычных месцаў, а для мяне тут усё новае, усё незвычайнае. Я ўзгадваю, як мне паказалі дом, у якім усё засталося ў першапачатковым стане: тыя ж пакоі, дзверы, столь. Дзіўна. Яшчэ мяне ўзрушыла гісторыя, якую таксама расказалі тут, у Гарадку.

Пасля вайны ў мястэчка вярнуўся стары яўрэй, якога не знішчылі ў гады вайны, таму што ён быў у ГУЛАГу. Дажыў ён свой век тут адзін. А як памёр, узнікла пытанне, як хаваць. Яўрэйскія могілкі закрытыя. Таму тут у Гарадку на праваслаўных могілках ёсць адзіная яўрэйская магіла – магіла гэтага апошняга яўрэя з Гарадка.

Затым госці садзілі Алею памяці. Адзін з клёнаў садзілі архітэктар Галіна Левіна і галоўны рабін Беларусі Георгі Абрамовіч. 

Георгі Абрамовіч прызнаўся, што садзіць ужо сваё 27 дрэва ў жыцці.

У сваёй прадмове ля помніка загінулым яўрэям Георгі сказаў, што адна з малітваў яўрэяў пачынаецца словамі: “Эль малера хамім”, што ў перакладзе азначае: “Табе, міласэрны Божа”.

– А ці быў Бог міласэрны, калі знішчалі тысячы людзей, а ці быў ён міласэрны тады, калі знішчаліся помнікі, калі забываліся пра тую трагедыю?

– пытаўся Георгі ля помніка, трымаючы ў руках каменьчык, каб ускласці яго да помніка.

А Галіна Левіна назвала Гарадок тым месцам, куды прыязджаюць паслухаць цішыню, і патлумачыла:

– Гарадок – гэта адно з многіх месцаў Беларусі, дзе, на жаль, ніколі не адродзіцца яўрэйская супольнасць.

 Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя асноўную частку насельніцтва складалі яўрэі. А яўрэі – гэта яркая фарба ў культуры Беларусі, і гэтага адмаўляць нельга.

Завяршылася ўрачыстая частка форуму праглядам кінастужак “Захавальнікі памяці”, “Леанід Левін: вайна і каханне”,  “Трагедыя Трасцянца” і  фільма “Твары Гарадка 30-х”.

Трэці міжнародны форум сабраў шмат зацікаўленых гісторыяй і гістарычнай памяццю людзей.

 І словы Галіны Левінай пра тое, што ўсе мы – гэта пазлы ў вялікай карціне памяці, як нельга лепш адлюстроўваюць прыналежнасць кожнага да гэтай падзеі, якая абавязкова паўторыцца праз год, 22 чэрвеня.

Публікацыя ў межах спецыяльнай рубрыкі: “Міжнароднае супрацоўніцтва: Беларусь-Германія”

Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі

УНП 101166185