Аднойчы на мерапрыемства ў Ільянскую сярэднюю школу імя Грымаця, што на Вілейшчыне, завітала дзяўчына з Магілёўскай вобласці.

І літаральна адразу пачала паводзіць сябе вельмі дзіўным чынам: актыўна фатаграфаваць на тэлефон стэнды, аб’явы, шыльды на кабінетах і нават… сметніцы для паасобнага збору смецця. 

Што стала прычынай такіх паводзін госці з Магілёўшчыны? А справа вось у чым: усе надпісы на стэндах, кабінетах і тых самых сметніцах зробленыя па-беларуску. І калі для вучняў і супрацоўнікаў беларускамоўнай школы гэта звыклая з’ява, то магіляўчанку вельмі здзівіў такі факт. Для рэгіёна, з якога яна прыехала, гэта зусім не характэрна.

Па словах намесніцы начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Ірыны Лобан, беларускамоўнымі з’яўляюцца ўсе сельскія школы Вілейшчыны, а гэта – 16 устаноў з 22. Сама Ірына Яўгенаўна станоўча ставіцца да навучання па-беларуску.

Прыемна і тое, што за час яе працы не было такіх выпадкаў, калі б бацькі вучня беларускамоўнай школы выказвалі сваё нежаданне навучаць дзяцей на роднай мове.

– Ільянская школа заўсёды была беларускамоўнай: па-беларуску выкладаюцца ўсе ўрокі, праводзяцца лінейкі, вядзецца дакументазварот, – распавядае дырэктар установы Ігар Юшко. – Ніякіх праблем у сувязі з гэтым я не бачу. Гэта ніяк не ўплывае на якасць ведаў вучняў. Доказ таму – іх паспяховыя выступленні на прадметных алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Магчыма, шмат залежыць ад педагагічнага калектыву: нашы настаўнікі аднолькава добра валодаюць і рускай, і беларускай мовамі. Калі я сустракаюся з нашымі выпускнікамі, яны станоўча ацэньваюць беларускамоўнае навучанне.

Падтрымлівае кіраўніка і яго намесніца па выхаваўчай рабоце Людміла Мікуліч. Хаця сама, скончыўшы ў свой час беларускамоўную школу, мела пэўныя цяжкасці пры навучанні ў педагагічным вучылішчы, дзе прадметы выкладаліся па-руску:

– Цяпер у ВНУ уво­дзіцца балонская сістэма навучання. Адной з умоў з’яўляецца тое, што студэнт можа выбраць англійскую мову для выкладання дысцыплін. А было б выдатна, каб ён мог выбраць і беларускую.

Дырэктар Залесскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад-сярэдняя школа” Ала Уласевіч пагадзілася з калегамі, выказаўшы думку, што па-беларуску ў іх школе працуецца і вучыцца без праблем. І хоць сама Ала Тадэвушаўна навучалася ў школе па-руску, беларускую мову ведае і любіць, ды і настаўнікі падтрымліваюць яе перакананні.

А што ж вучні? Хтосьці баіцца паступлення і навучання ў ВНУ на рускай мове, хтосьці лічыць беларускую мову прычынай неразумення такіх дысцыплін, як матэматыка і фізіка, мяркуе, што па-руску было б навучацца лягчэй. Сярод іх такой адзінадушнасці няма.

…Некалі пісьменнік, даўні сябар Ільянскай школы Леанід Левановіч пяшчотна назваў гэтую ўстанову адукацыі “астраўком беларушчыны”. Хочацца спадзявацца, што такіх “астраўкоў” з часам стане больш, і ў гарадах у тым ліку, а беларуская мова на школьных шыльдах і стэндах будзе звычайнай з’явай і перастане выклікаць у многіх з нас пачуццё бурнага здзіўлення.

Калі ў вас ёсць цікавыя назіранні пра беларускую мову ў школе, пішыце на адрас: 222310, Мала­дзечна, Вялікі Гасцінец, 68-а ці тэлефануйце: 8 (0176) 76-96-67.