Як паведаміў 27 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Алег Барадзін, на тэрыторыі краіны пражывае ад 90 да 120 мядзведзяў.

– Трэба ўлічваць біялогію гэтага віду жывёл, якія могуць міграваць на вельмі вялікія адлегласці, – сказаў ён. – Часам спрабуюць спекуляваць такой інфармацыяй, але, калі б папуляцыя паменшала, гэта было б заўважана, адпаведныя службы імгненна адрэагавалі б.

Начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка паведаміла, што Мінпрыроды аналізавала статыстычныя дадзеныя Мінлясгаса, якія ведамства падало ў Белстат, і звярнула ўвагу на тое, што “гэта лічбы не пра колькасць мядзведзяў, гэта дадзеныя карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў па статыстычнай справаздачнасцi аб паляванні”.

Паводле яе слоў, Мінпрыроды разглядала гэтае пытанне з усімі зацікаўленымі ведамствамі, у тым ліку пры ўдзеле Дзяржаўнай інспекцыі, Мінлясгаса, акадэміі навук і іншых, а таксама правяло пасяджэнне каардынацыйнага савета па біяразнастайнасці.

– Мы прыйшлі да высновы, што дадзеныя карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў, якія яны падаюць у статсправаздачнасці, недакладныя і патрабуюць дадатковага вывучэння і карэкціроўкі, – сказала Мінчанка. Прадстаўнік міністэрства дадала, што сама форма статсправаздачнасці як асноўны метад уліку, які ўяўляе сабой анкету-апытальнік, патрабуе карэкціроўкі.

Яна падкрэсліла, што за віды жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу, адказваюць акадэмія навук і Мінпрыроды і толькі ў гэтых ведамстваў могуць быць дакладныя дадзеныя.

Прадстаўнік ведамства паведаміла, што пры падтрымцы НАНБ, Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах цяпер распрацоўваецца новая версія дзяржаўнага кадастру жывёльнага і расліннага свету. Гэта будзе новая база ў сістэме анлайн, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць інфармацыю пра колькасць відаў, якія жывуць у Беларусі. Першапачатковы варыянт такой анлайн-базы з’явіцца на працягу найбліжэйшых месяцаў. Інфармацыя ў базе будзе пастаянна папаўняцца.

– А з Мінлясгасам мы будзем працаваць над змяненнем формы статсправаздачнасці, каб не ўводзіць усю краіну ў зман, як у сітуацыі з мядзведзямі, – заявіла Мінчанка.

“Наша Ніва” паводле