Белпошта папярэдзіла беларусаў пра адмысловы рэжым працы ў сувязі з дэнамінацыяй 1 ліпеня. Падпісчыкам хвалявацца не варта: газеты і часопісы даставяць у належны тэрмін.
– 1 ліпеня паслугі кліентам у аперацыйных вокнах аддзяленняў паштовай сувязі прадастаўляцца не будуць, – гаворыцца на сайце Белпошты.
Што тычыцца пунктаў па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў, то выдаваць будуць толькі пасылкі без накладзеных плацяжоў і без налічаных мытных пошлін. Астатнім кліентам лепш звярнуцца ў аддзяленні паштовай сувязі 2 ліпеня.
А вось дастаўка друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, простых і рэгістраваных паштовых адпраўленняў без накладнога плацяжу будзе ажыццяўляцца як звычайна.
Акрамя таго, Белпошта папярэджвае, што з 30 чэрвеня па 4 ліпеня магчымы збой у працы банкаўскіх плацежных карт і рэкамендуе мець наяўныя грошы для разлікаў.
“Наша Ніва” паводле finance.tut.by