Паводле звестак Мінпрацы, каэфіцыент напружанасці – адносіны колькасці зарэгістраваных беспрацоўных да колькасці вакансій – знізіўся з 1,7 беспрацоўнага на адну вакансію (на 1 чэрвеня 2015 года) да 1,5 (на 1 чэрвеня 2016 года).

Пры гэтым попыт на працоўную сілу ў студзені-маі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас, адзначаюць у міністэрстве.

– На канец мая 2016 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне паступілі звесткі аб наяўнасці 34,8 тыс. вакансій, што склала 134,5% да ўзроўню 2015 года. Патрэба у работніках па рабочых прафесіях склала 51,6% ад агульнай колькасці вакансій супраць 58,8% на канец мая 2015 года, –гаворыцца ў аглядзе сітуацыі на рынку працы, які падрыхтавала Мінпрацы.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец мая 2016 года склаў 1,1% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. За май гэты паказчык знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта, адзначаюць у Мінпрацы.

Паводле дадзеных міністэрства, колькасць асоб, якія рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных, у параўнанні з мінулым годам зменшылася. Так, калі ў маі 2015 года ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваны 15 тысяч чалавек, то за аналагічны месяц бягучага года – 12,7 тысяч чалавек. У красавіку 2016-га службы занятасці зарэгістравалі 15,1 тысяч работнікаў супраць 16,6 тысяч у красавіку мінулага года.

Між тым незалежныя эканамісты лічаць, што афіцыйны паказчык беспрацоўя не адлюстроўвае рэальныя маштабы гэтай з’явы ў краіне, бо з-за нізкага памеру дапамогі (складае каля 13 долараў у месяц) шмат беспрацоўных афіцыйна не хочуць рэгістравацца.

На думку экспертаў, цяперашні памер дапамогі па беспрацоўі занадта малы (у маі сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складаў 15,4% бюджэту пражытачнага мінімуму), хоць у многіх краінах дапамога з’яўляецца адной з найважнейшых мер падтрымкі людзей у выпадку страты працы.

– Гэта той інстытут сацыяльнай абароны, які павінен дапамагаць беспрацоўным перажыць складаны перыяд. Памер цяперашняй дапамогі, якая складае каля 260 тысяч рублёў, – карыкатура на той інстытут, які павінен абараняць людзей у выпадку страты працы, – падкрэслівае старшы даследчык Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE Беларусь) Уладзімір Валетка.

“Наша Ніва” паводле .