Артур Міхайлаў, саліст ансамбля “Песняры”, сустрэчу прызначыў у фітнес-клубе. 

Дзіўна бачыць саліста дзяржаўнага ансамбля, якога ўсе прывыклі бачыць на сцэне ў строгім пінжаку або касцюме з нацыянальным каларытам, вось так, у спартыў­най зале, у красоўках і спартыўных шортах. Артур і размаўляў, дарэчы, паміж падыходамі да практыкаванняў.

– Вырашыў, што трэба худзець пасля таго, як сябры і радня сталі заў­важаць, што я з “Песняроў” самы гладкі, укормлены. Я, дарэчы, адзіны, хто не жанаты, а шчокі і жывоцік у мяне былі быццам мяне жонка закормлівае баршчамі і галубцамі.

Як гаворыцца, у ­адзін цудоўны дзень Артур прыйшоў да маладзечанскага трэнера Арцёма Радзівілкі. І ў жыцці пачалася новая паласа.

– Ці трэба казаць, што пад наглядам трэнера я за два месяцы скінуў 14 кілаграмаў? Што я ем? Нічога!

Арцём, акрамя персанальнага рэжыму трэніровак, распрацаваў для Міхайлава і сістэму харчавання.

За дзень можна з’езці варанае яйка без жаўтка, жменю грэчкі без солі, вараную курыную грудку. І, уласна, усё.

– Яшчэ калі зусім не па сілах, тэлефаную Арцёму, пытаюся дазволу з’есці грэйпфрут. Шчасце, калі дазваляе.

Асабліва складана, прызнаецца Артур, стрымлівацца на гастролях.

– Ведаеце, арганізатары канцэртаў заўсёды хочуць аддзякаваць артыстам, накрываюць шыкоўныя сталы. Я тады бяру тэлефон і фатаграфую ежу для Арцёма. Калегі смяюцца, маўляў, што я ежу для Інстаграма фоткаю, а я трэнеру. І падпісваю: “Гэта чырвоная рыбка, гэта салацік, гэта канапкі. Што мне з гэтага можна?” Прыхо­дзіць адказ: “НІЧОГА! Еш грудку”.

Артур на такой “сушцы” трымаецца сёмы тыдзень.

– Калі сталі з’яўляцца кубікі прэса, трываць стала лягчэй. Бачу, што ўсё недарэмна. Вядома, давялося адмовіцца ад нечага, ад нечага – нават на ўсё жыццё. Я ведаю, напрыклад, што ніколі ў жыцці не буду больш есці маянэз або пельмені.

– А салодкае?

– На выпадак, калі мне захочацца салодкага, я трымаю ў шафе маленькую шакаладку. Бывае, разгарну яе, панюхаю, і зноў хаваю далей ад вачэй.

Акрамя жорсткага рэжыму харчавання Артур прытрымліваецца і жорсткага рэжыму трэніровак.

– Калі ёсць магчымасць трэніравацца кожны дзень, я трэніруюся. Трэніроўка займае 1,5 – 2 гадзіны штодзённа. І на гастролях, дзе бываюць “Песняры”, першае, што я высвятляю, дзе знаходзіцца бліжэйшая трэнажорная зала.  Але ведаю дакладна, што самая лепшая зала, гэта тая, якую ты ведаеш.

Самае складанае ў жорсткім спартыўным рэжыме, прызнаецца Артур, гэта не тое, што даводзіцца сябе ва ўсім абмяжоўваць, а тое, што цяжка адмовіць маме паласавацца яе стравамі, калі Артур прыязджае ў госці.

– Ад майго рэжыму церпіць уся радня, – смяецца Артур, – не так даўно збіраліся ў маёй радні ў Маладзечне. Цётка тэлефануе маме і пытаецца, што прыгатаваць Артуру. А Артур прыхо­дзіць у госці са сваім кантэйнерам, дзе прыгатаваная посная адвараная грудка.

– Ці адбіваецца ваша дыета на выкананні песень? Стала цяжэй браць ноты ад недахопу ежы?

– Не, наадварот стала лягчэй выконваць сумныя песні, бо ўвесь час думаю пра ежу, яна мне нават сніцца.

Здарыўся ў Артура на канцэрце такі выпадак: пасля канцэрта падышла да Артура прыхільніца і сказала, што ён так прыгожа выконвае сумныя песні пра каханне, так шчыра. Яна нават заў­важыла, што ў “песняра” наварочваліся слёзы.

– Я верыла кожнаму вашаму слову, – прызналася ўзрушаная дзяўчына.

– А я ў гэты час думаў пра тое, што, калі скончыцца канцэрт, якраз пройдзе дзве гадзіны і мне нарэшце можна будзе паесці. І ад гэтага аж заплакаў сам.

Першая змены ў фігуры Артура заўважыла касцюмерка “Песняроў”.

– Смешна, але ёй, беднай, даводзіцца цяпер кожныя два тыдні перашываць мне канцэртныя касцюмы, якія сталі вісець на фігуры.

А хутка ў планах трэнера Артура нарошчваць яму мышачную масу. Па падліках трэнера, 84-кілаграмовы Артур праз два месяцы будзе ва­жыць цэнтнер.

– Бедная касцюмерка, ёй давядзецца расшываць мае ўборы, – смяецца Артур.