Што рабіць, каб у спёку не атрымаць цеплавы ўдар і добра сябе адчуваць? Медыкі раяць піць ваду, есці садавіну і гародніну і насіць свабодную вопратку.
– Вопратка павінна быць з натуральнай тканіны і свабодная, каб праз яе праходзіла паветра. Апранайце адзенне светлых колераў. Абавязкова насіце галаўны ўбор, таксама светлага колеру. Ва ўсіх людзей з сабой мусіць быць бутэлька пітной негазаванай вады. Піць трэба не халодную ваду, а пакаёвай тэмпературы. Лепей не ахалоджваць яе ў лядоўні, – дае парады лекар-валеолаг гарадскога цэнтра здароўя Анастасія Косава.
Што яшчэ трэба рабіць у спёку, каб зберагчы здароўе:
– Трэба есці, у рацыёне мусіць быць садавіна і гародніна.
– Не трэба перабольшваць з кандыцыянерам, не менш за 22-24 градусы.
– Можна абмываць рукі, галаву, ахалоджваць ногі ў прахалоднай вадзе, рабіць кампрэсы.
– На ровары лепш ездзіць у цені.
– Спортам займацца можна, але ў памяшканні з кандыцыянерам, нагрузкі трэба паменшыць.
Што нельга:
– Ужываць спіртныя напоі.
– З’ядаць шмат марожанага, бо можна зарабіць ангіну ад перападаў тэмпературы
– Ужываць вельмі халодную і газаваную ваду. Ад халоднай вады таксама можна прастудзіцца, а мінеральная вада утрымлівае солі, якія перагружаюць сардэчна-сасудзістую сістэму.
Калі ў спёку вы заўважылі, што чалавеку дрэнна, то яго трэба перамясціць у цень і даць падыхаць свежым паветрам.
– Трэба даць доступ да кіслароду, пажадана чалавека пакласці, прыпадняць яму ногі, каб даць адток крыві да сэрца. Калі чалавек у прытомнасці, то варта даць папіць яму вады. Калі яму не становіцца лепш, то трэба выклікаць хуткую, – дадае Анастасія Косава.
Паводле “Нашай Нівы”.