Некаторыя жыхары вуліцы Лясной у Шылавічах ля Вілейкі зусім не рады летняй спякоце. Яшчэ б: тады мацней чуваць непрыемныя пахі ад размешчаных побач палёў фільтрацыі.

– Мінулым летам дзеці прыязджаюць і кажуць: “Мама, што тут такое дзесьці смярдзіць, мо твой адстойнік?” “Не, – кажу, – у нас ён шчыльна зачынены, гэта на палі фільтрацыі каналізацыю выліваюць”, – дзеліцца Валянціна Губіч. – Водар вечарам такі стаяў!

Непрыемныя пахі пачалі разносіцца з мінулага года, тлумачыць суседка Надзея Сыракваш:

– Тады каналізацыйныя сцёкі пачалі выліваць на палі фільтрацыі. А яны  блізка каля нашых дамоў: напрамкі да бліжэйшага дома 135 метраў. І нават бліжэй цячэ з трубы: яны то ржавыя, з іх бруя цячэ і прама на зямлю. У аднаго суседа заліла роўна з фундаментам. Атрымліваецца, столькі год гэтыя трубы ляжаць, ніхто нічога не рабіў. За ваду патрабуюць грошы, а калі дзе што прарвала, ты вінаваты, бо ў цябе свая каналізацыя.

Надзея Сыракваш праводзіць да палёў фільтрацыі. І хоць у гэты дзень не моцна спякотна, трохі ад дома адыходзіш – і пачынаюць даносіцца  “водары”.

На палях фільтрацыі. Фота Алеся Высоцкага.

На палях фільтрацыі. Фота Алеся Высоцкага.

На шляху трапілася закінутая сістэма механічнай ачысткі. Праўда, на днях яе ўжо засыпалі. А да гэтага яна дзесяцігоддзі разбураная стаяла, кажа Надзея.

Ачышчальныя збудаванні на балансе Вілейскага райаграсэрвіса лічыцца са снежня 1973 года. Дамы на вуліцы Лясной пачалі ўзводзіцца пазней.

–  Мы будаваліся ў 1979 годзе. Старыя палі фільтрацыі ўжо не працавалі, і нам дазволілі будавацца, – тлумачыць Надзея Сыракваш. – Стаялі чатыры домікі, мы пабудавалі пяты. А потым і іншыя сталі будавацца. Дык у гадах 1983–1984, як пабудавалі станцыю тэхабслугоўвання, каналізацыйныя сцёкі адвялі ад Шылавічаў.

–  На ваш погляд, якое ёсць выйсце?

–  Трэба рабіць так, як калісьці. Калі мы будаваліся, тут добра ўсё было. Пазачыняна, ніхто нічога не выкачваў на палі фільтрацыі. Хай сцёкі вядуць да Вілейкі, да гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Кажуць, раней былі трубы ў тым накірунку.

Вада ўжо не пахне

Раней жыхары Шылавічаў скардзіліся на пах вады з водаправода. Пры награванні яна пахла каналізацыяй. І па гэтым пытанні прыязджалі розныя службы, бралі пробы вады ў дамах. У адным з выпадкаў зафіксавалі неадпаведнасць вады патрабаванням санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства па паху.

Патлумачылі, што пах мог з’явіцца з-за бактэрый легіянелы, і парэкамендавалі адзін-два разы на месяц праграваць бойлер да 75 градусаў. Але, кажа Валянцін Губіч, у яе не бойлер, а кацёл – усё роўна непрыемны пах у гарачай вадзе быў. Аднак пакуль гэта праблема ў мінулым: як скончыўся ацяпляльны сезон, вада перастала пахнуць. Але суразмоўцы хочуць, каб падобныя сітуацыі былі выключаныя.

– Хацелася, хай бы нам яшчэ дзве артэзіянскія свідравіны вярнулі, якія ў парку і на Кругліцкай горцы былі, – кажа Надзея Сыракваш.

Што па законе

Па заканадаўстве адлегласць палёў фільтрацыі да дамоў у межах нормы, паведамляецца ў сакавіцкім адказе абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя: “Згодна з патрабаваннямі, базавая санітарна-абарончая зона ад палёў фільтрацыі плошчай да паўгектара вытворчасцю да 50 кубічных метраў у суткі павінны быць не менш за 100 метраў. Фактычная адлегласць да жылой забудовы ад працуючай карты палёў фільтрацыі плошчай 0,44 гектара – больш за 100 метраў”.

Але зафіксавалі праверкі такія факты: “Устройства і ўтрыманне ачышчальных збудаванняў каналізацыі аграгарадка ў цэлым не адпавядае патрабаванням санітарных нормаў і правілаў “Патрабаванняў да сістэм водаадвядзення населеных пунктаў”: не агароджаныя, сістэма механічнай ачысткі (адстойнік, септык, пескалоўка) разбураная, у нерабочым стане, не эксплуатуецца. Зліў сцёкавых вод з асенізацыйных машын ажыццяўляецца на карту адкрытых палёў фільтрацыі. У Вілейскі райаграсэрвіс накіраваныя рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў”.

Але на момант напісання артыкула сітуацыя атрымалася падвешаная, бо райаграсэрвіс рыхтуецца развітацца з ачышчальнымі, а новы гаспадар – прыняць.

Выканальнік абавязкаў дырэктара Вілейскага райаграсэрвісу Андрэй Непачаловіч кажа:

Людзі і мне ў Шылавічах указвалі на праблему з палямі фільтрацыі. Хоць мы пакуль і ўласнікі, але карыстаецца імі водаканал. Да таго ж, ачышчальныя збудаванні амаль гатовыя да перадачы водаканалу ў бліжэйшы час.

У Вілейскім водаканале патлумачылі, што пакуль ачышчальныя збудаванні належаць райаграсэрвісу. Як толькі іх перададуць установе і прымуць на баланс, то будуць разбірацца з гэтым пытаннем. 

Таму, як толькі ў ачышчальных збудаванняў з’явіцца гаспадар, зноў вернемся да гэтай тэмы. А пакуль Надзея Сыракваш кажа:

– Папраўдзе, хачу на гэту справу забыцца. Па размеркаванні ў Шылавічы патрапіла, але прырасла да гэтага месца. Але так, бывае, хочацца прадаць усё і паехаць туды, дзе няма гэткіх праблем…