Падзеі, якія разгарнуліся адной раніцай ў леташнім лістападзе на мяжы з Літвой сталі лёсавызначальнымі адразу для чатырох замежных грамадзян і двух беларусаў.

А пачыналася ўсё так.

Азат даў дакладныя ўказанні для Паўла, як перавезці з Масквы праз Беларусь да літоўскай мяжы трох грамадзян В’етнама. Павел разумеў, што за гэту паслугу яго кішэні папоўняцца не адной 100-доларавай купюрай.

Ён быў у прызначаным месцы ў прызначаны час. Доўга чакаць не давялося. Хутка ў яго машыну селі трое мужчын, якія шукалі новага жыцця ў Еўропе. Менавіта іх і трэба было перавезці ў Літву.

На другой машыне іх суправаджаў іншы ахвотнік падзарабіць – спадарожнік Жора.

Павел дзейнічаў строга па інструкцыі. І спачатку ўсё ішло па плане.

Пажыўшы ў Мінску пяць дзён, Павел з даверанымі в’етнамцамі працягнуў дарогу, толькі без суправаджэння Жоры. Апошняму не захацеў заплаціць Азат.

Павел жа хацеў давесці пачатую справу да канца. Раней яму не даводзілася быць на беларускай Дзяржаўнай мяжы, і мужчына разумеў, што пераправіць трох чалавек праз яе адзін ён не зможа.

Памочнік у гэтай справе знайшоў сябе сам. На гадзінніку было шэсць. У тую раніцу жыхару Варнянаў Віталю вельмі хацелася выпіць. Менавіта яго на скрыжаванні каля крамы з бутэлькай у руцэ і заўважыў Павел. Віталь шукаў сабутэльніка.

Павел прыкінуў, што за сотню “зялёных” Віталь правядзе пасажыраў да лепшага жыцця.

Жыхар Варнянаў не адразу пагадзіўся, але ўсё ж яго ўдалося заахвоціць. Ён размясціў грамадзян В’етнама ў доме сваіх сваякоў у вёсцы, у якім даўно ніхто не жыў.

Электрагазазваршчык мясцовага СВК Дзмітры зарабляў няшмат, а ў сям’і на яго плячах былі маці і тры малодшыя сястры. І так у 21 год маладзён таксама далучыўся да кампаніі перапраўшчыкаў.

Павел завёз в’етнамцаў да пэўнага месца ў лесе каля Катлоўкі. Месца было яму незнаёмае, таму мужчына застаўся чакаць у машыне. Віталь і Дзмітры з трыма в’етнамцамі рушылі ў лес, да мяжы.

Фота euromag.ru.

Фота euromag.ru.

Хаця Дзмітры і быў з імі хутчэй за кампанію, па просьбе знаёмага Віталя, але вельмі хацеў зарабіць лёгкія грошы. Таму і пагадзіўся на авантуру.

Хутка стала вядома, што пагранічны нарад у той дзень затрымаў трох в’етнамцаў, жыхара Варнянаў Дзмітрыя, грамадзяніна Кыргызскай рэспублікі Паўла. А праз паўдня затрымалі і Віталя.

Прага да лёгкай нажывы сыграла сваю ролю. У гісторыі разабраўся суд і абвінаваціў трох чалавек.

Магчыма, арганізатар незаконнай міграцыі Азат і сёння займаецца падобным бізнесам. А вось Паўлу давядзецца сядзець тры з паловай гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Віталю тры гады, а Дзмітрыю пакаранне адтэрмінавалі на два гады.

Кожнаму фігуранту крымінальнай справы дадалі ў якасці пакарання канфіскацыю маёмасці.