Падчас фестывалю адбываліся не толькі канцэрты вядомых расійскіх выканаўцаў, але і конкурс сярод мясцовых музыкантаў “Народны шансон”. У ім перамаглі спявак Дзмітры Рудык і калектыў “Баравец і ко”.
Каб абмеркаваць уражанні ад фестывалю, пераможцы завіталі ў рэдакцыю “РГ”.
– Перад рэдакцыяй зайшоў на рынак, – распавядае Юры Баравец, лідар калектыву “Баравец і ко”. – Бачу, што на мяне паглядаюць, пазнаюць. Прыемна.
– А ў мяне была вельмі прыемная сітуацыя адразу пасля конкурсу – далучаецца Дзмітры Рудык. – Падыходзіць да мяне мужчына і расказвае, што ён прыехаў да сваякоў з Калінінграда і якраз трапіў на фестываль. Так дзякаваў, прасіў яшчэ паспяваць. А ідзём з дачкой Машай па горадзе, са мной вітаюцца. Дачка пытаецца: “Ты ведаеш гэту цёцю?”, адказваю, што не. А яна мне з прышчурам: “Хммм”. Сапраўды, прыемна.
Па задуме арганізатараў, Дзмітрыя Рудыка як пераможцу конкурсу запрасілі ў аўтамабіль, які суправаджала карнавальнае шэсце ад Цэнтральнай плошчы да амфітэтра.
– У машыне сядзім і думаем: гэта ж, напэўна, бакавое шкло апусціць трэба? – дзеліцца Дзмітры. – Ну, думаем, апусцім, галоўнае – усміхацца.
Фестываль “Залаты шансон” арганізаваў маладзечанскі Палац культуры. Свята складалася з некалькіх частак. У амфітэатры былі выступленні зорак жанру. А вось на пляцоўцы на Цэнтральнай плошчы выступалі ўдзельнікі рэаліці-шоу “Народны шансон”.
У суботу, 25 чэрвеня, выбіралі лепшага сольнага выканаўцу, ім стаў Дзмітры Рудык. А ў нядзелю – пераможцу сярод калектываў ці дуэтаў, гараджане абралі калектыў Юрыя Бараўца.
Фота Вольгі Жарскай і Дзмітрыя Кандрацюка.
Фота Вольгі Жарскай.
Выканаўцы спявалі па дзве песні, а гледачы галасавалі за тых, каго хацелі б бачыць у фінале. А сярод фіналістаў зноў жа гледачы абіралі пераможцаў.
Арганізатары падрыхтавалі шмат сюрпрызаў для гараджан: запусцілі сапраўдны паветраны шар проста ў парку, паказалі відовішчныя танцавальныя пастаноўкі.
Пераможцы “Народнага шансона” гавораць, што часу на падрыхтоўку нумароў у канкурсантаў было малавата. Іх запрасілі прыкладна за два тыдні да мерапрыемства, а за такі час новы нумар не падрыхтуеш, можна толькі паўтарыць ужо найгранае. Што тычыцца саміх выступленняў, то ў спёку вышэй за 30 градусаў конкурс на плошчы варта было б пачынаць не ў 16, а ў 18-19 гадзін:
– Гэта мы прывыклі ў любых умовах выступаць, – гаворыць Юры Баравец. – А гледачу трэба камфорт, ды і пачаць пазней.
Пераможцам спадабаўся фармат рэаліці-шоу, дзе лёс спевакоў вызначаюць гледачы. Але ўсё ж музыкантам, якія выступаюць на мясцовых пляцоўках, неабходна пачуць і ацэнку прафесійнага журы.
Злева Юры Баравец, справа Дзмітры Рудык.
Спевакі ў рэдакцыі.
– Калі ты спрабуеш развівацца як спявак, то вельмі важная любая парада ці заўвага ад прафесіянала. Прычым лепш за ўсё запрашаць у журы людзей з боку, з іншых рэгіёнаў, – лічыць Дзмітры.
Спевакі мяркуюць, што невялікія заўвагі толькі палепшаць фестываль шансона ў будучыні:
– Для мяне гэты конкурс – як магчымасць ускочыць у апошні вагон. Калі амаль у 40 год з’яўляецца шанец чагосьці дасягнуць, яго нельга прапускаць, – шчыра адказвае Дзмітры пра важнасць для яго перамогі ў “Народным шансоне”. – У нас вельмі шмат людзей спявае, толькі іх нідзе не свецяць.
– А я сябе выпрабаваў на сцэне не як акампаніятар, той, хто за вакалістам, а як саліст. Гэта абсалютна іншыя, неперадавальныя адчуванні! – дадае Юры.
Музыканты звярнулі ўвагу на тое, што за апошнія гады моцна пашырылася разуменне жанру шансона. Гэта ўжо даўно далёка не толькі “блатныя” песні.
– У Юрыя больш глыбокія тэмы, – тлумачыць Дзмітры. – Мне ж больш даспадобы эстрадны варыянт шансона. Для нас гэта песні з добрым сэнсам, увогуле цяпер шансон – гэта проста прыгожая песня.
Дзмітры Рудык будзе выступаць у Вілейцы 2 ліпеня ад 22 гадзін на плошчы Леніна, а ў Маладзечне – 3 ліпеня ад 18 да 23 гадзін на прыступках кінатэатра “Радзіма”. Канцэрты бясплатныя.