Гэты рэцэпт даслала нам наша чытачка Ларыса Нелюб з Валожыншчыны.
Бульбяны суп-пюрэ з сельдэрэем і курынымі клёцкамі
6 бульбін, 4 сцябліны сельдэрэю, 1 цыбуліна, 2,5 л вады, 200 мл тлустых вяршкоў, 20 г масла, соль – на смак.
Для курыных клёцак: палова курынай грудкі (без скуры і касцей), 1 яйка, соль і прыправы – на смак.
Бульбу абярыце, нарэжце кубікамі і заліце вадой. Сцябліны сельдэрэю нарэжце на кавалачкі 1-2 см. Цыбулю парэжце дробна.
У каструлі распусціце кавалачак масла, дадайце цыбулю і трохі абсмажце – 1-2 хвіліны. Дадайце да цыбулі сельдэрэй, зноў 1-2 хвіліны смажце, і, нарэшце, дадайце кубікі бульбы. Памешваючы, абсмажце ўсю агародніну яшчэ хвіліны тры.
Заліце агародніну вадой, давядзіце да кіпення, паменшыце агонь і варыце, пакуль не зварыцца бульба. Зніміце каструлю з агню і дайце супу астыць.
Цяпер прыгатуйце курыныя клёцкі. Мяса дробна пасячыце ці прапусціце праз мясарубку, дадайце яйка, здробненую зеляніну, пасаліце і вымесіце фарш. Пастаўце яго ў халадзільнік.
Суп здрабніце пры дапамозе блэндара. Пастаўце кіпяціць ваду ў каструльцы. Дастаньце фарш. Дзве чайныя лыжкі апусціце ў халодную ваду, затым адной лыжкай зачарпніце фарш, другой прыцісніце зверху, каб атрымалася прыгожая гладкая клёцка. Апусціце клёцкі ў кіпячую ваду і варыце да гатоўнасці. Калі клёцкі ўсплывуць, перакладзіце ў асобную талерку.
Суп-пюрэ трохі пагрэйце і ўліце вяршкі, іх можна дадаць нават не 200 мл, а 300, калі суп густы. Размяшайце, разагрэйце, але не кіпяціце. Гатовы суп-пюрэ разліце па талерках, раскладзіце ў кожную талерку клёцкі і пасыпце сечанай зелянінай сельдэрэю.